Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛУКАША 14 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Лк 14

1 Давялося Яму ў суботу прыйсьці ў дом аднаго начальніка фарысэйскага з'есьці хлеба, і яны цікавалі за Ім;

2 і вось, стаў перад Ім чалавек, які цярпеў ад вадзянкі.

3 З гэтай нагоды Ісус спытаўся ў законьнікаў і фарысэяў: ці дазваляецца лекаваць у суботу?

4 Яны маўчалі. І дакрануўшыся, ацаліў таго і адпусьціў.

5 Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго-небудзь з вас асёл альбо вол упадзе ў калодзеж, ці ж не адразу і выцягне яго і ў суботу?

6 І не маглі запярэчыць яму на гэта.

7 А заўважаючы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прытчу:

8 калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся хто з запрошаных ім больш ганаровы за цябе,

9 і той, хто запрашаў цябе і яго, падышоўшы, не сказаў бы табе: «саступі яму месца»; і тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.

10 А калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы, сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоўшы, сказаў: «дружа! перасядзь вышэй»; тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою:

11 бо кожны, хто ўзвышае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.

12 Сказаў жа і таму, хто запрасіў Яго: калі спраўляеш абед альбо вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родзічаў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе калі не паклікалі, і не дастаў бы ты аддачы.

13 Але калі спраўляеш гасьціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых,

14 і дабрашчасны будзеш, што яны ня могуць аддаць табе, бо аддасца табе ў дзень уваскрэсеньня праведных.

15 Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзьляжалі зь Ім, сказаў Яму: дабрашчасны, хто з'есьць хлеба ў Царстве Божым!

16 А Ён сказаў яму: адзін чалавек зладзіў вялікую вячэру і склікаў многіх;

17 і калі настаў час бяседы, паслаў раба свайго сказаць запрошаным: ідзеце, бо ўжо ўсё гатова.

18 І пачалі ўсе, як бы змовіўшыся, перапрашацца. Першы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і агледзець яе; прашу цябе, прабач мне.

19 Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.

20 Трэйці сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсьці.

21 І вярнуўшыся, раб той данёс пра гэта гаспадару свайму. Тады, угневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сьляпых.

22 І сказаў раб: спадару! зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсьць месца.

23 Гаспадар сказаў рабу: ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;

24 бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных ня з'есьць маёй вячэры: бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

25 Зь Ім ішло мноства людзей; і Ён, зьвярнуўшыся, сказаў ім:

26 калі хто прыходзіць да Мяне, і не зьненавідзіць бацькі свайго і маці, і жонкі і дзяцей, і сірот і сёстраў, а пры гэтым і самога жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем;

27 і хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем.

28 Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ня сядзе сьпярша і не палічыць выдатакаў, ці мае ён, што трэба на будову яе,

29 каб, калі закладзе падмурак і ня зможа закончыць, усе, хто гэта бачыць, не пасьмяяліся зь яго,

30 кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня мог закончыць?

31 Альбо які цар, ідучы на вайну супроць іншага цара, ня сядзе і не параіцца папярэдне, ці моцны ён зь дзесяцьцю тысячамі стаць супроць таго, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі?

32 інакш, пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства - прасіць міру.

33 Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.

34 Соль - добрая рэч; але калі соль страціць сілу, чым асаліць яе?

35 ні ў зямлю, ні ў гной ня прыдасца; прэч выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

Сачыце за намі:



Аб'явы