Biblia Todo Logo
Біблія онлайн

- Аб'явы -

ЛІКІ 10 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Лікі 10

1 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

2 зрабі сабе дзьве срэбраныя трубы, каваныя зрабі іх, каб яны служылі табе на скліканьне супольства і каб здымаць табары;

3 калі затрубяць у іх, зьбярэцца да цябе ўсё супольства да ўваходу ў скінію сходу:

4 калі ў адну трубу затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і тысячнікі Ізраільскія;

5 калі затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з усходу;

6 калі другі раз затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з поўдня; трывогу няхай трубяць, калі яны выпраўляюцца ў дарогу;

7 а калі трэба склікаць сход, трубеце, але ня трывогу;

8 сыны Ааронавыя, сьвятары, павінны трубіць у трубы: гэта будзе вам пастанова вечная ў роды вашыя;

9 і калі пойдзеце на вайну ў зямлі вашай супроць ворага, які наступацьме на вас, трубеце трывогу ў трубы, - і будзеце ўспомненыя перад Госпадам, Богам вашым, і ўратаваныя будзеце ад ворагаў вашых;

10 і ў дзень весялосьці вашай, і ў сьвяты вашыя, і ў час маладзікоў вашых трубеце ў трубы пры цэласпаленьнях вашых і пры мірных ахвярах вашых, - і гэта будзе нагадваць пра вас перад Богам вашым. Я Гасподзь, Бог ваш.

11 На другі год, у другі месяц, на дваццаты дзень месяца, паднялося воблака ад скініі адкрыцьця;

12 і выправіліся сыны Ізраілевыя па табарах сваіх з пустыні Сінайскай, і спынілася воблака ў пустыні Фаран.

13 І падняліся яны першы раз, па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея.

14 Падняты быў найперш прапар сыноў Юдавых па рушэньнях іхніх; над рушэньнем іхнім Наасон, сын Амінадаваў;

15 і над рушэньнем племені сыноў Ісахаравых Натанаіл, сын Цуараў;

16 і над рушэньнем племені сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў.

17 І зьнята была скінія, і пайшлі сыны Гірсонавыя і сыны Мэрарыныя, якія носяць скінію.

18 І падняты быў сьцяг табару Рувімавага па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем ягоным Эліцур, сын Шэдэураў;

19 і над рушэньнем племені сыноў Сымонавых Шэлумііл, сын Цурышадаеў;

20 і над рушэньнем племені сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў.

21 Потым пайшлі сыны Каатавыя, якія носяць сьвятыню; а скінію ставілі да іхняга прыходу.

22 І падняты быў сьцяг табару сыноў Яфрэмавых па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем іхнім Элішама, сын Аміудаў;

23 і над рушэньнем племені сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў:

24 і над рушэньнем племені сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў.

25 Апошні з усіх табараў падняты быў сьцяг табару сыноў Данавых з рушэньнямі іхнімі: і над рушэньнем іхнім Ахіезэр, сын Амішадаеў;

26 і над рушэньнем племені сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў;

27 і над рушэньнем племені сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў.

28 Вось парадак шэсьця сыноў Ізраілевых па рушэньнях іхніх. І выправіліся яны.

29 І сказаў Майсей Хававу, сыну Рагуілаваму, Мадыяніцяніну, родзічу Майсееваму: мы выпраўляемся ў тую мясьціну, пра якую Гасподзь сказаў: вам аддам яе; ідзі з намі, мы зробім табе дабро, бо Гасподзь добрае мовіў пра Ізраіля.

30 Але ён сказаў яму: не пайду; я пайду ў сваю зямлю і на сваю радзіму.

31 А Майсей сказаў: не пакідай нас, бо ты ведаеш, як разьмяшчаемся мы табарам у пустыні, і будзеш нам вокам;

32 калі пойдзеш з намі, дык дабро, якое Гасподзь зробіць нам, мы зробім табе.

33 І выправіліся яны ад гары Гасподняй на тры дні дарогі, і, каб нагледзець мясьціну, дзе спыніцца.

34 І воблака Гасподняе ахінала іх удзень, калі яны выпраўляліся з табару.

35 Калі падымаўся каўчэг у дарогу, Майсей казаў: паўстань, Госпадзе, і рассыплюцца ворагі Твае, і пабягуць ад аблічча Твайго ненавісьнікі Твае!

36 А калі спыняўся каўчэг, ён казаў: вярніся Госпадзе, да тысячаў і цьмоў Ізраілевых!

Сачыце за намі:



Аб'явы