Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЕЗЭКІІЛЯ 22 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Езк 22

1 І было мне слова Гасподняе:

2 і ты, сыне чалавечы, ці хочаш судзіць, судзіць горад крыві? выкажы яму ўсе гідоты ягоныя

3 і скажы: так кажа Гасподзь Бог: о, горадзе, што праліваеш кроў сярод цябе, каб настаў час твой, што робіш у сябе ідалаў, каб апаганьваць сябе!

4 Крывёю, якую ты праліў, ты зрабіў сябе вінаватым, і ідаламі, якіх ты нарабіў, ты апаганіў сябе і наблізіў дні твае і дасягнуў часу гадоў тваіх. За гэта аддам цябе на сьмех народам, на паглум ўсім землям.

5 Блізкія і далёкія ад цябе будуць глуміцца зь цябе, што ты апаганіў імя тваё, праславіўся буянствам.

6 Вось начальнікі ў Ізраіля, кожны ў меру сілы сваёй, былі ў цябе, каб праліваць кроў.

7 У цябе бацьку і маці ліхасловяць прыхадню, чыняць крыўду сярод цябе, сірату і ўдаву ўціскаюць у цябе.

8 Сьвятыняў Маіх ты не паважаеш і суботы Мае парушаеш.

9 Паклёпнікі знаходзяцца ў цябе, каб праліваць кроў, і на горах ядуць у цябе ідалаахвярнае, сярод цябе чыняць мярзоту.

10 Галізну бацькі адкрываюць у цябе, жанчыну ў час ачышчэньня нячыстасьці яе гвалцяць у цябе.

11 Той чыніць мярзоту з жонкаю блізкага свайго, той апаганьвае нявестку сваю, той гвалціць сястру сваю, дачку бацькі свайго.

12 Хабар бяруць у цябе, каб праліваць кроў; ты бярэш рост і ліхву і гвалтам вымагаеш карысьлівае ў блізкага твайго, а Мяне забыў, кажа Гасподзь Бог.

13 І вось, Я пляснуў рукамі Маімі ад карысталюбства твайго, якое выяўляецца ў цябе, і ад праліваньня крыві, якое чыніцца сярод цябе.

14 Ці ўстоіць сэрца тваё, ці будуць цьвёрдыя рукі твае ў тыя дні, у якія будуць дзеяць супроць цябе? Я, Гасподзь, сказаў - і зраблю.

15 Я расьсею цябе па народах - і разьвею цябе па землях, і пакладу канец гідотам тваім сярод цябе.

16 І зробіш сам сябе пагарджаным у вачах народаў, і ўведаеш, што Я - Гасподзь.

17 І было мне слова Гасподняе:

18 сыне чалавечы! дом Ізраілеў зрабіўся ў Мяне мяшанцам; усе яны - волава, медзь і жалеза і сьвінец у гарніле; зрабіліся, як мяшанка срэбра.

19 Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ўсе вы зрабіліся мяшанкаю, за тое вось Я зьбяру вас у Ерусалім.

20 Як у гарніла кладуць разам срэбра, і медзь і жалеза, і сьвінец і волава, каб разьдзьмуць у іх агонь і расплавіць: так Я ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй зьбяру і пакладу і расплаўлю вас.

21 Зьбяру вас і дыхну на вас агнём абурэньня Майго, і расплавіцеся сярод яго.

22 Як срэбра плавіцца ў гарніле, расплавіцеся і вы сярод яго, і ўведаеце, што Я, Гасподзь, выліў лютасьць Маю на вас.

23 І было мне слова Гасподняе:

24 сыне чалавечы! скажы яму: ты - зямля неачышчаная, не арашаная дажджом у дзень гневу!

25 Змова прарокаў яе сярод яе, як леў рыклівы, які турзае здабычу; зьядаюць душы, абіраюць маёмасьць і каштоўнасьці, і памнажаюць лік удоваў.

26 Сьвятары яе парушаюць закон Мой і апаганьваюць сьвятыні Мае, не аддзяляюць сьвятога ад несьвятога і не паказваюць розьніцы паміж чыстым і нячыстым, і ад суботаў Маіх яны засланілі вочы свае, і Я прыніжаны ў іх.

27 Князі ў яе як ваўкі, якія вырываюць здабычу; праліваюць кроў, глумяць душы, каб здабыць карысьць.

28 А прарокі яе ўсё пэцкаюць брудам, бачаць пустое і прадказваюць ім ілжывае, кажучы: «так кажа Гасподзь Бог», тым часам як не казаў Гасподзь.

29 А ў народзе прыгнятаюць адзін аднаго, рабуюць і ўціскаюць беднага і гаротнага, і прыхадня прыгнятаюць несправядліва.

30 Шукаў Я ў іх чалавека, які паставіў бы сьцяну і стаў бы перад Мною ў праломіне за гэтую зямлю, каб Я не загубіў яе, але не знайшоў.

31 Дык вось вылью на іх абурэньне Маё, агнём лютасьці Маёй вынішчу іх, паводзіны іхнія абярну ім на галаву, кажа Гасподзь Бог.

Сачыце за намі:



Аб'явы