Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ДАНІІЛА 12 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Дан 12

1 І паўстане ў той час Міхаіл, вялікі князь, які будзе стаяць за сыноў свайго народу; і настане цяжкі час, якога ня бывала з тых часоў, як існуюць людзі, да гэтага часу; і ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе.

2 І многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасарамленьне.

3 І разумныя будуць зьзяць, як сьвяцілы на цьвердзі, і тыя, што павярнулі людзей да праўды, - як зоркі, вавекі, назаўсёды.

4 А ты, Данііле, захавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу да апошняга часу; многія прачытаюць яе, і памножацца веды».

5 Тады я, Данііл, паглядзеў, і вось, стаяць два другія, адзін па гэты бок ракі, другі па той бок ракі.

6 І адзін сказаў мужу ў ільняной вопратцы, які стаяў над водамі ракі: «калі будзе канец гэтых дзівосных здарэньняў?»

7 І пачуў я, як муж у льняной вопратцы, які быў над водамі ракі, падняўшы правую і левую руку да неба, прысягнуў Жывым вавекі, што да канца часу і часоў і паўчасу і пасьля поўнага паламаньня сілы сьвятога народу ўсё гэта зьдзейсьніцца.

8 Я чуў гэта, але не зразумеў і таму сказаў: «гаспадару мой! Што ж пасьля гэтага будзе?»

9 І адказаў ён: «ідзі, Данііле; бо захаваны і запячатаны словы гэтыя да апошняга часу.

10 Многія ачысьцяцца, адбеляцца і ператоплены будуць у спакушэньні; несправядлівыя будуць несправядлівымі, і не зразумее гэтага ніхто з несправядлівых, а мудрыя зразумеюць.

11 З часу, калі будзе прыпынена штодзённая ахвяра і будзе пастаўлена гідота запусьценьня, пройдзе тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён.

12 Шчасны той, хто чакае і дасягне тысячы трохсот трыццаці пяці дзён.

13 А ты ідзі да твайго канца, і супакоішся і паўстанеш на атрыманьне тваёй долі ў канцы дзён».

Сачыце за намі:



Аб'явы