Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ГАЛЯТАЎ 5 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Гал 5

1 Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства.

2 Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.

3 Яшчэ сьведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь закон.

4 Вы, хто апраўдвае сябе законам, засталіся бяз Хрыста, адпаліся ад мілаты,

5 а мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры;

6 бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а вера, якая дзее празь любоў.

7 Вы ішлі хораша: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісьціне?

8 Такое перакананьне не ад Таго, Хто заклікае вас.

9 Каліва закваскі расчыняе ўсё цеста.

10 Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць іначай; а той, хто змушчае вас, хто б ён ні быў, панясе на сабе асуду.

11 За што ж гоняць мяне, браты, калі я і цяпер прапаведую абразаньне? Тады ганьба крыжа спынілася б.

12 О, калі б выдаліць тых, якія баламуцяць вас!

13 Да вольнасьці закліканы вы, браты, толькі вольнасьць ваша ня была б повадам дагаджаць плоці; а любоўю служэце адно аднаму.

14 Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі блізкага твайго, як самога сябе».

15 Калі ж паміж сабою грызяцеся і ясьце адно аднаго, дык глядзеце, каб не панішчылі вы адно аднаго.

16 Я кажу: рабеце паводле Духа, і вы ня будзеце паддавацца пажадзе плоці;

17 бо плоць жадае супраціўнага Духу, а Дух - супраціўнага плоці: яны адно аднаму супрацівяцца, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б.

18 Калі ж вас Дух водзіць, дык вы не пад законам.

19 Дзеі плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства,

20 ідаласлужэньне, чарадзейства, варожасьць, свары, зайздрасьць, гнеў, звады, раздоры (спакусы), ерасі,

21 нянавісьць, забойствы, п'янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць.

22 А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера,

23 лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закона.

24 А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі.

25 Калі мы жывём Духам, дык згодна з Духам і рабіць павінны.

26 Ня будзем пустаславіцца, адно аднаго дражніць, адно аднаму зайздросьціць.

Сачыце за намі:



Аб'явы