ГАБРЭЯЎ 3 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Габр 3 1 Таму, браты сьвятыя, супольнікі нябеснага пакліканьня, уразумейце Пасланца і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста, 2 Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Майсей ва ўсім доме Ягоным. 3 Ён бо варты тым большае славы перад Майсеем, чым большы гонар мае ў параўнаньні з домам той, хто ўладкаваў яго; 4 бо кожны дом ладкуецца некім; а Хто ўладкаваў усё, ёсьць Бог. 5 І Майсей верны ўва ўсім доме Ягоным, як службіт, на сьведчаньне таго, што трэба было абвясьціць. 6 А Хрыстос - як Сын у доме Ягоным; а дом Ягоны - мы, калі толькі адвагу і спадзяваньне, якімі хвалімся, цьвёрда захаваем да канца. 7 Чаму, як кажа Дух Сьвяты, «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, 8 не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты, у дзень спакушэньня ў пустыні, 9 дзе спакушалі мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі дзеі Мае сорак гадоў. 10 Таму Я і ўгневаўся на той род, і сказаў: «няспынна блукаюць сэрцам, ня зьведалі яны пуцявінаў Маіх; 11 таму я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой». 12 Глядзеце, браты, каб ня было ў кім у вас сэрца ліхога і нявернага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога. 13 А настаўляйце адно аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць «сёньня», каб хто з вас не зжарсьцьвеў, зьвёўшыся грэхам; 14 Бо мы зрабіліся супольнікамі Хрысту, калі толькі пачатае жыцьцё цьвёрда ўтрымаем да канца, 15 пакуль гаворыцца: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты». 16 Бо некаторыя, што чулі, пачалі абурацца; але ня ўсе, што выйшлі зь Егіпта з Майсеем. 17 На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што зграшылі, чые косьці засталіся ў пустыні? 18 Супроць каго прысягаў, што ня ўвойдуць у спачын Ягоны, калі ня супроць непакорлівых? 19 І вось, бачым, што яны не маглі ўвайсьці за няверства. |