Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 7 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Выс 7

1 Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе.

2 Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх.

3 Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго.

4 Скажы мудрасьці: «ты сястра мая!» і розум назаві родным тваім,

5 каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае.

6 Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю,

7 і ўбачыў сярод нявопытных, угледзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака,

8 які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе,

9 у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку.

10 І вось - насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам,

11 узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе;

12 то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы.

13 Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму:

14 «Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае;

15 таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і - знайшла цябе.

16 Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім;

17 спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю.

18 Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся;

19 бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу;

20 кашалёк срэбра ўзяў з сабою; дамоў вернецца да дня поўні месяца».

21 Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім.

22 Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу,

23 пакуль страла не праніжа вантробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно - пагібель яе.

24 Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх.

25 Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе;

26 бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна:

27 дом яе - дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці.

Сачыце за намі:



Аб'явы