Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

БЫЦЦЁ 8 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Бц 8

1 І ўспомніў Бог пра Ноя, і пра ўсю жывёлу, і пра ўсё быдла, якія былі зь ім у каўчэзе; і навёў Бог вецер на зямлю, і воды спыніліся.

2 І зачыніліся крыніцы бездані і вокны нябесныя, і перастаў дождж зь неба.

3 А вада спакваля вярталася зь зямлі, і пачала ўбываць вада праз сто пяцьдзясят дзён.

4 І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх.

5 Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор.

6 Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэзе

7 і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады.

8 Потым выпусьціў ад сябе голуба, каб бачыць, ці сышла вада з улоньня зямлі;

9 але голуб не знайшоў месца спакою нагам сваім і вярнуўся да яго ў каўчэг; бо вада была яшчэ на паверхні ўсёй зямлі; і ён працягнуў руку сваю, і ўзяў яго, і прыняў да сябе ў каўчэг.

10 І патрываў яшчэ сем дзён і зноў выпусьціў голуба з каўчэга.

11 Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі.

12 Ён патрываў яшчэ сем дзён далей і выпусьціў голуба; і ён ужо не вярнуўся да яго.

13 На шэсьцьсот першым годзе пад першы дзень першага месяца счэзла вада на зямлі; і адкрыў Ной дах каўчэга і паглядзеў, і вось, абсохла паверхня зямлі.

14 І на другім месяцы, да дваццаць сёмага дня месяца, зямля высахла.

15 І сказаў Бог Ною:

16 выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою;

17 выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі.

18 І выйшаў Ной і сыны яго, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім;

19 усе жывёлы, і ўсе гады, і ўсе птушкі, усё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэга.

20 І зладзіў Ной ахвярнік Госпаду; і ўзяў з усякага быдла чыстага і з усіх птушак чыстых і прынёс на цэласпаленьне на ахвярнік.

21 І нюхаў Гасподзь прыемныя пахошчы, і сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага - зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў:

22 наперад ва ўсе дні зямлі сяўба і жніво, холад і сьпёка, лета і зіма, дзень і ноч ня спыняцца.

Сачыце за намі:



Аб'явы