Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

БЫЦЦЁ 11 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Бц 11

1 На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка.

2 Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там.

3 І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны.

4 І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі.

5 І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія.

6 І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць;

7 сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога.

8 І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад.

9 Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо там зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі.

10 Вось радавод Сіма: Сіму было сто гадоў і спарадзіў Арфаксада, праз два гады пасьля патопу;

11 пасьля нараджэньня Арфаксада Сім жыў пяцьсот гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

12 Арфаксад жыў трыццаць пяць гадоў і спарадзіў Салу.

13 Пасьля нараджэньня Салы Арфаксад жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.

14 Сала жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Эвэра.

15 Пасьля нараджэньня Эвэра Сала жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.

16 Эвэр жыў трыццаць чатыры гады і спарадзіў Фалека.

17 Пасьля нараджэньня Фалека Эвэр жыў чатырыста трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

18 Фалек жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Рагава.

19 Пасьля нараджэньня Рагава Фалек жыў дзьвесьце дзевяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

20 Рагаў жыў трыццаць два гады і спарадзіў Саруха.

21 Пасьля нараджэньня Саруха Рагаў жыў дзьвесьце сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

22 Сарух жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Нахора.

23 Пасьля нараджэньня Нахора Сарух жыў дзьвесьце гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

24 Нахор жыў дваццаць дзевяць гадоў і спарадзіў Тару.

25 Пасьля нараджэньня Тары Нахор жыў сто дзевятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.

26 Тара жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Абрама; Нахора і Арана.

27 Вось радавод Тары: Тара спарадзіў Абрама, Нахора і Арана. Аран спарадзіў Лота.

28 І памёр Аран пры Тары, бацьку сваім, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.

29 Абрам і Нахор узялі сабе жонак; імя жонкі Абрамавай: Сара; імя жонкі Нахоравай: Мілка, дачка Арана, бацькі Мілкі і бацькі Іскі.

30 І Сара была няплодная і бязьдзетная.

31 І ўзяў Тара Абрама, сына свайго, і Лота, сына Аранавага, унука свайго, і Сару, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў зь імі з Ура Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; але дайшоўшы да Харана, яны спыніліся там.

32 І было дзён жыцьця Тары дзьвесьце пяць гадоў, і памёр Тара ў Харане.

Сачыце за намі:



Аб'явы