Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСУСА 15 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


ІсНав 15

1 Жэрабя племю сыноў Юдавых, паводле родаў іхніх, выпала такое: сумежна зь Ідумэяю была пустыня Сін, на поўдзень, пры канцы Тэмана;

2 паўднёвай мяжою іх быў край мора Салёнага ад затокі, якая прасьціралася на поўдзень;

3 на поўдні ідзе яна да ўзвышша Акравімскага, праходзіць Цын і, падымаючыся з паўднёвага боку да Кадэс-Варны, праходзіць Хецрон і, падымаючыся да Адара, паварочвае ў Каркаі,

4 потым праходзіць Ацмон, ідзе да патоку Егіпецкага, так што канец гэтай мяжы ёсьць мора. Гэта будзе ваша паўднёвая мяжа.

5 А мяжою на ўсход мора Салёнае, да ўтоку Ярдана; а мяжа з паўночнага боку ад затокі мора, ад утоку Ярдана;

6 адсюль мяжа падымаецца да Бэт-Хоглы і праходзіць з паўночнага боку да Бэт-Аравы, і ідзе мяжа ўгору да каменя Багана, сына Рувімавага;

7 потым падымаецца мяжа да Давіра ад даліны Ахор і на поўначы паварочвае да Галгала, які насупраць узвышша Адуміма, што з паўднёвага боку патока; адсюль мяжа праходзіць да водаў Эн-Шэмэша і канчаецца каля Эн-Рагела;

8 адсюль мяжа ідзе ўгору да даліны сына Эномавага з паўднёвага боку Евуса, які ёсьць Ерусалім, і падымаецца мяжа на вяршыню гары, якая на захад насупраць даліны Эномавай, якая на краі даліны Рэфаімаў на поўнач;

9 ад вяршыні гары мяжа паварочвае да крыніцы водаў Нэфтоах і ідзе да гарадоў гары Эфрона, і паварочвае мяжа да Ваала, які ёсьць Кірыят-Ярым;

10 потым паварочвае мяжа ад Ваала да мора, да гары Сэіра, і ідзе паўночным схілам гары Еарым, якая ёсьць Кесалон, і, сыходзячы да Вэтсаміса, праходзіць праз Тымну;

11 адсюль мяжа ідзе паўночным бокам Экрона, і паварочвае мяжа да Шыкарона, праходзіць праз гару Ваал і даходзіць да Яўнэіла, і канчаецца мяжа каля мора. Заходнюю мяжу ўтварае вялікае мора.

12 Вось мяжа сыноў Юдавых з родамі іхнімі з усіх бакоў.

13 І Халеву, сыну Ефаніінаму даў частку сярод сыноў Юдавых, як загадаў Гасподзь Ісусу: Кірыят-Арбы, бацькі Энакавага, інакш Хэўрон.

14 І выгнаў адтуль Халеў трох сыноў Энакавых: Шэшая, Ахімана і Талмая, дзяцей Энакавых.

15 Адсюль Халеў пайшоў супроць жыхароў Давіра.

16 І сказаў Халеў: хто разаб'е Кірыят-Сэтэр і возьме яго, таму аддам Ахсу, дачку маю, за жонку.

17 І ўзяў яго Гатанііл сын Кеназа, брата Халевавага, і аддаў ён за жонку яму Ахсу, дачку сваю.

18 І сталася, як яна мела ісьці, дык намовілі яе прасіць у бацькі свайго поля. І яна зышла з асла, а Халеў сказаў ёй: што табе?

19 Яна сказала: дай мне дабраславеньне: ты даў мне зямлю паўднёвую, дай мне і крыніцы водаў. І даў ён ёй крыніцы верхнія і крыніцы ніжнія.

20 Вось надзел племю сыноў Юдавых, паводле родаў іхніх:

21 гарады з краю плямёнаў сыноў Юдавых сумежныя з Ідумэяй на поўдні былі: Каўцэіл, Эдэр і Ягур,

22 Кіна, Дымона, Адада,

23 Кедэс, Асор і Ітнан,

24 Зіф, Тэлэм і Валот,

25 Гацор-Кадата, Кірыят, Хэцрон, інакш Гацор,

26 Амам, Шэма і Малада,

27 Хацар-Гада, Хэшмон і Вэт-Палет,

28 Хацар-Шуал, Вірсавія і Візіятэя,

29 Ваала, Іім і Ацэм,

30 Элталад, Кесід і Хорма,

31 Цыклаг, Мадмана і Сансана,

32 Леваот, Шэліхім, Аін і Рымон: усяго дваццаць дзевяць гарадоў зь сёламі.

33 На нізінных мясьцінах: Эштаол, Цора і Ашна,

34 Занаах, Эн-Ганім, Тапуах і Гаэнам,

35 Ярмут, Адалам, Соха і Азэка,

36 Шаараім, Адытаім, Гедэра альбо Гедэратаім: чатырнаццаць гарадоў зь іх сёламі.

37 Цэнан, Хадаша, Міглдал-Гад,

38 Дылеан, Міцфэ і Ёктэіл,

39 Лахіс, Вацкат і Эглон,

40 Хабон, Лахмас і Хітліс,

41 Гедэрот, Бэт-Дагон, Наэма і Мэкед: шаснаццаць гарадоў зь іх сёламі.

42 Ліўна, Этэр і Ашан,

43 Іфтах, Ашна і Нэцыў,

44 Кеіла, Ахзіў і Марэша: дзевяць гарадоў зь іх сёламі.

45 Экрон з залежнымі ад яго гарадамі і сёламі.

46 І ад Экрона да мора ўсё, што каля Азота, зь сёламі іх,

47 Азот, залежныя ад яго гарады і сёлы яго, Газа, залежныя ад яе гарады і сёлы яе, да самага патока Егіпецкага і вялікага мора, якое ёсьць мяжа.

48 На горах: Шамір, Ятыр і Соха,

49 Дана, Кірыят-Сана, інакш Давір,

50 Анат, Эштэма і Анім,

51 Гашэн, Халон і Гіла: адзінаццаць гарадоў зь іх сёламі.

52 Араў, Дума і Эшан,

53 Янум, Бэт-Тапуах і Афэка,

54 Хумта, Кірыят-Арбы, інакш Хэўрон, і Цыгор: дзевяць гарадоў зь іх сёламі.

55 Маон, Карміл, Зіф і Юта,

56 Іўзрээль, Ёкдам і Занаах,

57 Каін, Гіва і Тымна: дзесяць гарадоў зь іх сёламі.

58 Халхуд, Бэт-Цур і Гедор,

59 Маарат, Бэт-Анот і Элтэкон: шэсьць гарадоў зь іх сёламі.

60 Кірыят-Ваал, інакш Кірыят-Ярым і Арава: два гарады зь іх сёламі.

61 У пустыні: Бэт-Арава, Мідын і Сэкаха,

62 Ніўшан, Ір-Мэлэх і Эн-Геды: шэсьць гарадоў зь іх сёламі.

63 А Евусэяў, жыхароў Ерусаліма, не маглі выгнаць сыны Юдавыя, і таму Евусэі жывуць з сынамі Юды ў Ерусаліме аж да сёньня.

Сачыце за намі:



Аб'явы