Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 60 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Іс 60

1 Паўстань, сьвяціся, Ерусаліме; бо прыйшло сьвятло тваё, і слава Гасподняя ўзышла над табою.

2 Бо вось, цемра пакрые зямлю, і змрок народы; а над табою зазьзяе Гасподзь, і слава Яго зьявіцца над табою.

3 І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і цары - да зьзяньня, якое ўзыходзіць над табою.

4 Падымі вочы твае і паглядзі навокал: усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе: сыны твае здалёк ідуць і дачок тваіх на руках нясуць.

5 Тады ўбачыш і зарадуешся, і затрымціць і расхінецца сэрца тваё, бо багацьце мора зьвернецца да цябе, здабытак народу прыйдзе да цябе.

6 Мноства вярблюдаў пакрые цябе - драмадэры з Мадыяма і Эфы; усе яны з Савы прыйдуць, прынясуць золата і ладан і ўзьвесьцяць славу Гасподнюю.

7 Усе авечкі Кідарскія будуць сабраныя да цябе; бараны Нэваёцкія паслужаць табе: узыдуць на алтар Мой ахвяраю спадабанаю, і Я праслаўлю дом славы Маёй.

8 Хто гэта ляціць, як воблакі, і як галубы - да галубятняў сваіх?

9 Так, Мяне чакаюць выспы і наперадзе іх - караблі Фарсіскія, каб перавезьці сыноў тваіх здалёк і зь імі срэбра іхняе і золата іхняе, у імя Госпада Бога твайго і Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіць цябе.

10 Тады сыны іншаземцаў будавацьмуць сьцены твае, і цары іхнія - будуць служыць табе; бо ў гневе Маім Я пабіваў цябе, а ва ўпадабаньні Маім буду мілажальны да цябе.

11 І заўсёды будуць адчынены брамы твае, зачыняцца ня будуць ні ўдзень, ні ўначы, каб прыносілі табе здабытак народаў і прыводзілі цароў іхніх.

12 Бо народ і царства, якія не захочуць служыць табе, - загінуць, і такія народы цалкавіта вынішчацца.

13 Слава Лівана прыйдзе да цябе, кіпарыс, ядловец і кедр злучацца, каб упрыгожыць месца сьвяцілішча Майго, - і Я праслаўлю падножжа ног Маіх.

14 І прыйдуць да цябе ў пакоры сыны прыгнятальнікаў тваіх, і ўпадуць да ступакоў ног тваіх усе, хто пагарджаў табою, і назавуць цябе горадам Госпада, Сіёнам Сьвятога Ізраілевага.

15 Замест таго, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, так што ніхто не праходзіў празь цябе, - Я зраблю цябе веліччу навекі, радасьцю ў роды родаў.

16 Ты будзеш насычацца малаком народаў, і грудзі царскія смактаць будзеш, і ўведаеш, што Я Гасподзь - Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Ізраілеў.

17 Замест медзі буду дастаўляць табе золата, і замест жалеза - срэбра, і замест дрэва - медзь, і замест камянёў - жалеза; і пастаўлю кіраўніком тваім спакой і наглядчыкамі тваімі - праўду.

18 Ня чуваць будзе болей насільля ў зямлі тваёй, спусташэньня і разбурэньня - у межах тваіх; і будзеш называць сьцены твае ратункам і брамы твае - славаю.

19 Ня будзе ўжо сонца служыць табе сьвятлом дзённым, і зьзяньне месяца - сьвяціць табе; а Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і Бог твой - славаю тваёю.

20 Ня зойдзе ўжо сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і закончацца дні жальбы тваёй.

21 І народ твой увесь будзе праведны, навекі ўспадкуе зямлю, - парасьліну насаджэньня Майго, дзею рук Маіх, на праслаўленьне Маё.

22 Ад малога пойдзе тысяча, і ад самага слабога - моцны народ. Я, Гасподзь, паскору зьдзейсьніць гэта сваім часам.

Сачыце за намі:



Аб'явы