Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 56 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Іс 56

1 Так кажа Гасподзь: захоўвайце суд і кіруйцеся праўдаю; бо блізка збавеньне Маё і адкрыцьцё праўды Маёй.

2 Шчасны муж, які робіць гэта, і сын чалавечы, які моцна трымаецца гэтага, які захоўвае суботу ад апаганьваньня і стрымлівае руку сваю, каб не зрабіць ніякага ліха.

3 Хай ня кажа сын іншапляменца, які далучыўся да Госпада: «Гасподзь зусім адлучыў мяне ад Свайго народа», і хай ня кажа еўнух: «вось, я сухое дрэва».

4 Бо Гасподзь так кажа пра еўнухаў: хто шануе Мае суботы і выбірае заўгоднае Мне і моцна трымаецца запавету Майго,

5 тым дам Я ў доме Маім і ў сьценах Маіх месца і імя лепшае, чым сынам і дочкам: дам ім вечнае імя, якое ня вынішчыцца.

6 І сыноў іншапляменцаў, якія далучыліся да Госпада, каб служыць Яму і любіць імя Госпада, быць рабамі Яго, - усіх, хто захоўвае суботу ад апаганьваньня і цьвёрда трымаецца запавету Майго,

7 Я прывяду на сьвятую гару Маю і парадую іх у Маім доме малітвы; цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць на ахвярніку Маім, бо дом Мой называецца домам малітвы для ўсіх народаў.

8 Гасподзь Бог, Які зьбірае расьсеяных Ізраільцянаў, кажа: да сабраных у яго Я буду яшчэ зьбіраць іншых.

9 Усе зьвяры польныя, усе зьвяры лясныя, ідзеце есьці!

10 Вартаўнікі ў іх сьляпыя ўсе і невукі: усе яны нямыя сабакі, якія ня ўмеюць брахаць, пазяхаюць лежачы, любяць спаць.

11 І гэта - сабакі, прагныя душою, ня ведаюць сытасьці; і гэта - пастухі бесталковыя: усе глядзяць на сваю дарогу, кожны да апошняга, на сваю радасьць;

12 прыходзьце, кажуць, я дастану віна, і мы нап'емся сікеры; і заўтра тое самае будзе, што сёньня, ды яшчэ і болей.

Сачыце за намі:



Аб'явы