Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 2 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Іс 2

1 Слова, якое было ва ўяве Ісаю, сыну Амосаваму, пра Юдэю і Ерусалім.

2 І будзе ў апошнія дні гара дома Гасподняга, будзе пастаўлена на чале гор, і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе народы.

3 І пойдуць многія народы, і скажуць: прыйдзеце, і ўзыйдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якаўлевага, і навучыць Ён нас Сваім шляхам; і хадзіцьмем па сьцежках Ягоных. Бо ад Сіёна выйдзе закон, і слова Гасподняе - зь Ерусаліма.

4 І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае - на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць.

5 О, доме Якава! Прыйдзеце, і будзем хадзіць у сьвятле Гасподнім.

6 Але Ты адкінуў народ Твой, доме Якава, бо яны шмат перанялі ад усходу: і чарадзеі ў іх, як у Філістымлянаў, і з сынамі чужымі яны ў згодзе.

7 І напоўнілася зямля яго срэбрам і золатам, і ліку няма скарбам ягоным; і напоўнілася зямля яго конямі, і ліку няма калясьніцам ягоным;

8 і напоўнілася зямля ягоная ідаламі; яны пакланяюцца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы іхнія.

9 І пакланіўся чалавек, і прынізіўся мужчына; і Ты не даруеш ім.

10 Ідзі ў скалу, і схавайся ў зямлю ад страху Госпада і ад славы велічы Ягонай.

11 Панікнуць гордыя вочы чалавека, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.

12 Бо ідзе дзень Госпада Саваофа на ўсё ганарыстае і пыхлівае і на ўсё ўзьнесенае, - і яно будзе прыніжана,

13 і на ўсе кедры Ліванскія, высокія і выносныя, і на ўсе дубы Васанскія,

14 і на ўсе высокія горы, і на ўсе пагоркі, якія ўзвышаюцца,

15 і на ўсякую вежу высокую, і на ўсякі моцны мур,

16 і на ўсе караблі Тарсіскія, і на ўсе панадныя акрасы іхнія.

17 І ўпадзе чалавечая веліч, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.

18 І ідалы зьнікнуць зусім.

19 І ўвойдуць людзі ў расколіны скал і ў прорвы зямлі ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.

20 У той дзень чалавек кіне кратам і кажанам сваіх срэбраных і залатых сваіх ідалаў, якіх зрабіў сабе на пакланеньне ім,

21 каб увайсьці ў цясьніны скал і ў расколіны гор ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.

22 Перастаньце вы спадзявацца на чалавека, чыё дыханьне ў ноздрах у яго: бо што ён значыць?

Сачыце за намі:



Аб'явы