Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 41 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Ёў 41

1 Марная надзея: ці не ўпадзеш ад аднаго позірку ягонага?

2 Няма такога адважніка, які асьмеліўся б патрывожыць яго; хто ж можа ўстояць прад Маім абліччам?

3 Хто апярэдзіў Мяне, каб Я даваў яму? пад усім небам усё Маё.

4 Ня змоўчу пра чэлесы ягоныя, пра сілу і прыгожую суразьмернасьць іх.

5 Хто можа адхінуць верх вопраткі ягонай, хто падыдзе да двайных сківіцаў ягоных?

6 Хто можа адчыніць дзьверы твару ягонага? кола зубоў ягоных - жудасьць;

7 моцныя шчыты яго - цудота: яны змацаваныя як бы цьвёрдаю пячаткаю;

8 адзін да аднаго дакранаюцца блізка, так што і паветра не праходзіць паміж імі;

9 адзін з адным ляжаць шчыльна, счапіліся і не размыкаюцца.

10 Ад яго чханьня паказваецца сьвятло; вочы ў яго як вейкі зары;

11 з пашчы ягонай выходзяць агнявікі, выскокваюць вогненныя іскры;

12 з ноздраў ягоных выходзіць дым, як з раскіпелага горшчыка альбо катла.

13 Дыханьне яго распаляе вугольле, з пашчы яго шугае полымя.

14 На шыі ў яго жыве сіла, і перад ім бяжыць жах.

15 Мясістыя часткі цела ягонага спалучаны між сабою цьвёрда, не здрыгануцца.

16 Сэрца ў яго цьвёрдае, як камень, і жорсткае, як ніжні жарон.

17 Калі ён падымаецца, дужыя ў страху, зусім губляюцца ад жаху.

18 Меч, які крануўся яго, ня ўстоіць, ні капэё, ні дзіда, ні латы.

19 Жалеза ён мае за салому, медзь - за гнілое дрэва.

20 Дачка лука не паверне яго наўцёкі; прашчавыя камяні ператвараюцца для яго ў плеўкі.

21 Булава лічыцца ў яго за саломіну; са сьвісту дзіды ён сьмяецца.

22 Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць у гразі.

23 Ён кіпяціць багну, як кацёл, і мора перавтварае ў кіпучую мазь;

24 пакідае за сабою сьветлую сьцежку; бездань здаецца сівізнай.

25 Няма на зямлі падобнага на яго: ён створаны бясстрашным;

26 на ўсё высокае глядзіць адважна; ён цар над усімі сынамі ганарлівасьці.

Сачыце за намі:



Аб'явы