Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 36 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Ёў 36

1 І гаварыў далей Эліуй і сказаў:

2 пачакай мяне крыху, і я пакажу табе, што я маю яшчэ што сказаць за Бога.

3 Пачну мае разважаньні здалёку і аддам справядлівасьць Садзецелю майму,

4 бо словы мае сапраўды не мана: перад табою - дасканалы ў пазнаньні.

5 Вось, Бог магутны і не пагарджае моцнага сілаю сэрца;

6 Ён не падтрымлівае бязбожных і аддае належнае прыгнечаным;

7 Ён не адварочвае вачэй Сваіх ад праведнікаў, а з царамі назаўсёды садзіць іх на троне, і яны ўзвышаюцца.

8 Калі ж яны закаваныя ў ланцугі і трымаюцца ў аковах гароты,

9 дык Ён паказвае ім на дзеі іхнія і на беззаконьні іхнія, бо яны памножыліся,

10 і адчыняе ім вуха дзеля настаўленьня на розум і кажа ім, каб яны адхінуліся ад бязбожнасьці.

11 Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, дык правядуць дні свае ў дабрадзенстве і гады свае ў радасьці;

12 калі ж не паслухаюцца, дык загінуць ад стралы і памруць у неразумстве.

13 А крывадушнікі пестуюць у сэрцы гнеў і не заклікаюць Яго, калі Ён замыкае іх у ковы;

14 таму і душа іхняя памірае ў маладосьці і жыцьцё іхняе з блуднікамі.

15 Ён ратуе беднага ад бяды ягонай і ва ўціску адчыняе вуха яму.

16 І цябе вывеў бы Ён зь цясноцьця на прастору, дзе няма сьціску, і тое, што пастаўляецца на стол твой, было б напоўнена тлушчам;

17 але ты перапоўнены думкамі бязбожных: меркаваньні іх і асуда - блізкія.

18 Хай не пакарае цябе гнеў Божы караю! Вялікі выкуп ня выратуе цябе.

19 Ці дасьць Ён якую цану твайму багацьцю? Не, - ні золату і ніякаму скарбу.

20 Не жадай той ночы, калі народы вынішчаюцца на месцы сваім.

21 Сьцеражыся, ня схіляйся да бязбожнасьці, якую ты паставіў над пакутаю.

22 Бог высокі магутнасьцю Сваёю, і хто такі, як Ён, настаўнік?

23 Хто пакажа Яму шлях Ягоны: хто можа сказаць: Ты робіш несправядліва?

24 Памятай пра тое, каб узвышаць дзеі Ягоныя, якія людзі бачаць.

25 Усе людзі могуць бачыць іх, чалавек можа бачыць іх здалёк.

26 Вось, Бог вялікі, і мы ня можам спазнаць Яго; лік гадоў Ягоных недасьледны.

27 Ён забірае кроплі вады; яны ў мностве выліваюцца дажджом:

28 з хмараў капаюць і выліваюцца зьлівай на людзей.

29 Хто можа таксама спасьцігнуць прыцягненьне воблакаў, трэск намёта Ягонага?

30 Вось, Ён распасьцірае над ім сьвятло Сваё і пакрывае дно мора.

31 Адтуль Ён судзіць народы, дае багата ежы.

32 Ён трымае ў далонях Сваіх маланку і загадвае ёй, каго біць.

33 Трэск яе дае знак пра яе; жывёлы таксама адчуваюць, што адбываецца.

Сачыце за намі:



Аб'явы