Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 31 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Ёў 31

1 Запавет паклаў я з вачамі маімі, каб ня думаць пра дзяўчыну.

2 Якая ж доля мне ад Бога згары? І якая спадчына ад Усемагутнага зь нябёсаў?

3 Ці не для бязбожніка пагібель, і напасьце ці ж не для таго, хто ўчыняе ліха?

4 Ці ж ня бачыў Ён шляхоў маіх і ці ня лічыў усіх маіх крокаў?

5 Калі я хадзіў у марнасьці, і калі нага мая сьпяшалася на хітрыкі, -

6 няхай узважаць мяне на вагах праўды, і Бог даведаецца пра маю беззаганнасьць.

7 Калі ступакі мае ўхіляліся ад дарогі і сэрца маё ішло сьледам за вачамі маімі, і калі што-небудзь нячыстае прыстала да рук маіх,

8 дык няхай я сею, а іншы есьць, і хай парасткі мае выкараненыя будуць.

9 Калі сэрца маё спакушалася жанчынаю і я ставіў пасткі каля дзьвярэй майго блізкага, -

10 хай мая жонка меле на іншага, і хай іншыя зьдзекуюцца зь яго,

11 бо гэта - злачынства, гэта - беззаконьне, якое падпадае суду;

12 гэта - агонь, які зьядае да зьнішчэньня, які зьнішчыў бы ўсё дабро маё.

13 Калі я меў у занядбаньні правы слугі і служанкі маёй, калі яны спрачаліся са мною,

14 дык што я пачаў бы рабіць, калі б Бог паўстаў? І калі б Ён паглядзеў на мяне, што мог бы я адказваць Яму?

15 Ці ня Ён, Які стварыў мяне ў чэраве, стварыў і яго і гэтак сама нас у нутробе?

16 Ці ж бы адмаўляў я ў просьбе тым, што мелі патрэбу, ці ж таміў бы вочы ўдавы?

17 Ці ж адзін я зьядаў кавалак мой, і ці ж ня еў ад яго і сірата?

18 Бо змалку ён рос са мною, як з бацькам, і ад чэрава маці маёй я кіраваў удаву.

19 Калі я бачыў каго, хто гінуў бяз вопраткі, і беднага бяз покрыва, -

20 ці ж не дабраслаўлялі мяне сьцёгны ягоныя, і ці ня быў ён сагрэты воўнаю авечак маіх?

21 Калі я падымаў руку маю на сірату, калі бачыў дапамогу сабе каля брамы,

22 дык няхай плячук мой адпадзе ад спіны, і рука мая хай адломіцца ад локця,

23 бо страшная мне кара ад Бога: перад веліччу Яго ня ўстояў бы я.

24 Ці закладваў я ў золаце апору маю і ці казаў скарбу: ты - надзея мая?

25 Ці радаваўся я, што багацьце маё было вялікае, і што рука мая набыла многа?

26 Гледзячы на сонца, як яно зьзяе, і на месяц, як ён велічна крочыць,

27 ці паквапіўся я ў таямніцы сэрца майго, і ці цалавалі вусны мае руку маю?

28 Гэта таксама было б злачынства, якое падлягае суду, бо я адрокся б тады ад Бога Ўсявышняга.

29 Ці радаваўся я пагібелі ворага майго і ці трыумфаваў, калі няшчасьце напаткала яго?

30 Не дазваляў я вуснам маім грашыць праклёнам душы ягонай.

31 Ці ж не казалі людзі намёта майго: о, калі б мы ад мяса ягонага не насыціліся?

32 Дарожнік не начаваў на вуліцы; дзьверы мае праходжаму я адчыняў.

33 Калі б я ўтойваў правіны мае, як чалавек, утойваючы ў грудзях маіх заганы мае,

34 дык я баяўся б вялікай грамады, і пагарда аднапляменцаў палохала б мяне, і я маўчаў бы і ня выходзіў бы за дзьверы.

35 О, калі б хто выслухаў мяне! Вось маё жаданьне, каб Усеўладны адказваў мне, і каб абаронца мой склаў запіс.

36 Я насіў бы яго на плячах маіх і ўскладваў бы яго, як вянок;

37 абвясьціў бы яму колькасьць крокаў маіх, зблізіўся б зь ім, як з князем.

38 Калі б лямантавала на мяне зямля мая і скардзіліся на мяне барозны яе,

39 калі я еў плады яе без платы і абцяжваў жыцьцё земляробаў,

40 дык хай замест пшаніцы вырастуць ваўчкі і замест ячменю куколь. - Слова Ёва скончылася.

Сачыце за намі:



Аб'явы