Biblia Todo Logo
Біблія онлайн

- Аб'явы -

ЁВА 12 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Ёў 12

1 І адказваў Ёў і сказаў;

2 а ўжо ж такі, толькі вы людзі, і з вамі памрэ мудрасьць!

3 І ў мяне ёсьць сэрца, як у вас; ня ніжэйшы я за вас; і хто ня ведае таго самага.

4 Пасьмешышчам зрабіўся я свайму сябру, я, хто заклікаў Бога, і каму Ён адказваў, пасьмешышчам - чалавек праведны, беспахібны.

5 Так, на думку таго, хто сядзіць у спакоі, пагарды вартая паходня, падрыхтаваная таму, чые ногі спатыкаюцца.

6 Спакойныя намёты ў рабаўнікоў і бясьпечныя ў тых, што дражняць Бога, што быццам Бога носяць на руках сваіх.

7 А ўжо ж такі: спытайся ў быдла, і навучаць цябе, - у птушкі нябеснай, і абвесьціць табе;

8 альбо пагутары зь зямлёю, і наставіць цябе, і скажуць табе рыбы марскія.

9 Хто ва ўсім гэтым ня ўведае, што рука Госпада стварыла гэта.

10 У Ягонай руцэ душа ўсяго жывога і дух усякі чалавечай плоці.

11 Ці ж ня вуха разьбірае словы, і ці не язык распазнае смак ежы?

12 У старцах - мудрасьць, і ў даўгавечных - розум.

13 У Яго мудрасьць і сіла; Ягоныя рада і розум.

14 Што Ён разбурыць, тое не адбудзецца; каго Ён увязьніць, той ня вызваліцца.

15 Спыніць воды, і ўсё ўсохне; пусьціць іх, і пераўтвораць зямлю.

16 У Яго магутнасьць і мудрасьць, прад Ім той, хто заблытвае і ўводзіць у аблуду.

17 Ён прыводзіць дарадцаў да неабдуманасьці і судзьдзяў робіць дурнымі.

18 Ён вызваляе з повязяў цароў і поясам абвязвае сьцёгны ім;

19 князёў пазбаўляе годнасьці і кідае ніцма адважных;

20 адбірае мову ў красамоўных і старцаў пазбаўляе глузду;

21 пакрывае сорамам знакамітых і сілу ў магутаў паслабляе;

22 адчыняе глыбокае зь сярэдзіны цемры і выводзіць на сьвятло цень сьмяротны;

23 памнажае народы і вынішчае іх; расьсявае народы і зьбірае іх;

24 адбірае розум у стрэйшынаў народу зямлі і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе няма дарогі;

25 вобмацкам ходзяць яны ў цемры без сьвятла і хістаюцца, як п'яныя.

Сачыце за намі:



Аб'явы