Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЦІМАФЕЯ 3 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


2 Цім 3

1 Ведай жа, што ў апошнія дні настануць часіны цяжкія.

2 Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, злоязыкія, бацькам непаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя, няпрыязныя,

3 непамяркоўныя, паклёпнікі, нястрымлівыя, жорсткія, зьнялюбныя да дабра,

4 здраднікі, нахабы, пыхліўцы, прыхільныя больш да раскошы, чым да Бога,

5 з выгляду богабаязныя, а да сілы Божай варожыя. Пазьбягай такіх.

6 Да гэтакіх належаць тыя, якія лісьліва віжуюцца ў дамы і ачмураюць жанчын, што купаюцца ў грахах і ў юрлівасьці песьцяцца,

7 заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да спазнаньня ісьціны.

8 Як Яній і Ямврый супрацівіліся Майсею, так і гэтыя супрацівяцца ісьціне, людзі са зьвіхнёным розумам, невукі ў веры.

9 Але яны няшмат пасьпеюць; бо іхняе безгалоўе выявіцца перад усімі, як і з тамтымі сталася.

10 А ты пайшоў сьледам за мною ў вучэньні, жыцьці, станоўчасьці, веры, велікадушнасьці, любові, цяпрлівасьці,

11 у ганеньнях, цярпеньнях, якія выпалі мне ў Антыахіі, Іканіі, Лістрах; такія ганеньні я перанёс, і ад усіх выбавіў мяне Гасподзь.

12 Ды і ўсе, хто хоча жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, будуць прасьледавацца;

13 а ліхія людзі і ашуканцы будуць раскашаваць у зьле, зводзячы ў аблуды і ўпадаючы ў аблуды.

14 А ты трымайся таго, чаго навучаны, і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны;

15 пры гэтым ты змалку ведаеш сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе ў збавеньне вераю ў Хрыста Ісуса.

16 Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,

17 каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны.

Сачыце за намі:



Аб'явы