Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 2 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


2 Фес 2

1 Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім,

2 не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы.

3 Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі,

4 які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога.

5 Ці ж не памятаеце, як я, яшчэ калі быў у вас, казаў вам пра гэта?

6 І цяпер вы ведаеце, што не дазваляе адкрыцца яму ў сваім часе.

7 Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, -

8 і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь Ісус заб'е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго,

9 таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня сатаны, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі,

10 і з усякім няправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові ісьціны дзеля свайго збавеньня.

11 І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні,

12 хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі ісьціне, а ўпадабалі няпраўду.

13 А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, любасныя Богу браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру ісьціне, выбраў вас на ратаваньне,

14 да якога і паклікаў вас зьвеставаньнем нашым, дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.

15 Дык вось, браты, стойце і трымайце паданьні, якім вы навучаны або словам, або пасланьнем нашым.

16 А Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў уцеху вечную і надзею добрую ў мілаце,

17 няхай суцешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас у кожным слове і справе добрай.

Сачыце за намі:



Аб'явы