Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЛЕТАПІСАЎ 11 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


2 Лет 11

1 І прыбыў Раваам у Ерусалім і склікаў з дома Юдавага і Веньямінавага сто восемдзесят тысяч адборных воінаў, каб ваяваць зь Ізраілем і вярнуць царства Равааму.

2 І было слова Гасподняе Самэю, чалавеку Божаму, і сказана:

3 скажы Равааму, сыну Саламонаваму, цару Юдэйскаму, і ўсяму Ізраілю ў племі Юдавым і Веньямінавым:

4 так кажа Гасподзь: не хадзеце і не пачынайце вайны з братамі вашымі; вяртайцеся кожны ў дом свой, бо Мною зроблена гэта. Яны паслухаліся слоў Гасподніх і вярнуліся з паходу супроць Ераваама.

5 Раваам жыў у Ерусаліме; ён абнёс гарады ў Юдэі сьценамі.

6 Ён умацаваў Віфляем і Этам і Тэкою,

7 і Вэтцур, і Сахо і Адалам,

8 і Гэт і Марэшу, і Зіф

9 і Адараім, і Лахіс і Азэку,

10 і Цору і Аялон і Хэўрон, якія былі ў племі Юдавым і Веньямінавым.

11 І ўмацаваў ён крэпасьці гэтыя і паставіў у іх начальнікаў і сховішчы для хлеба і драўніннага алею і віна.

12 І даў у кожны горад шчыты і дзіды і ўмацаваў іх вельмі добра. І заставаліся за ім Юда і Веньямін.

13 І сьвятары і лявіты, якія былі па ўсёй замлі Ізраільскай, сабраліся да яго з усіх межаў,

14 бо пакінулі лявіты свае гарадзкія прадмесьці і свае валоданьні і прыйшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, бо пакінуў іх Ераваам і сыны ягоныя ад сьвяшчэнства Гасподняга

15 і паставіў у сябе жрацоў да вышыняў, і да казлоў і да цялят, якіх ён зрабіў.

16 А за імі і з усіх плямёнаў Ізраілевых прыхільныя сэрцам сваім, каб ісьціць Госпада Бога Ізраілевага, прыходзілі ў Ерусалім, каб прыносіць ахвяры Госпаду Богу бацькоў сваіх.

17 І ўмацавалі яны царства Юдава і падтрымлівалі Раваама, сына Саламонавага, тры гады, бо хадзілі шляхам Давіда і Саламона ў гэтыя тры гады.

18 І ўзяў сабе Раваам за жонку Міхалату, дачку Ерымота, сына Давідавага, і Авіхаіль, дачку Эліява, сына Есэевага,

19 і яна нарадзіла яму сыноў: Еўса і Шэмарыю і Загама.

20 Пасьля яе ён узяў Мааху, дачку Авэсаломавую, і яна нарадзіла яму Авію і Атая, і Зізу і Шэламіта.

21 І кахаў Раам Мааху, дачку Авэсаломавую, больш за ўсіх жонак і наложніц сваіх, бо ён меў васямнаццаць жонак і шэсьцьдзясят наложніц і спарадзіў дваццаць восем сыноў і шэсьцьдзясят дочак.

22 І паставіў Раваам Авію, сына Маахі, узначальцам і князем над братамі ягонымі, бо хацеў паставіць яго царом.

23 І дзейнічаў разумна і разаслаў усіх сыноў сваіх па ўсіх землях Юды і Веньяміна ва ўсе ўмацаваныя гарады, і даў ім утрыманьне вялікае і прышукаў многа жонак.

Сачыце за намі:



Аб'явы