Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЦАРСТВАЎ 8 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


1 Цар 8

1 А калі састарыўся Самуіл, дык паставіў сыноў сваіх судзьдзямі над Ізраілем.

2 Імя старэйшага сына ягонага Ёіль, а імя другога сына ягонага Авія; яны былі судзьдзямі ў Вірсавіі.

3 Але сыны яго не хадзілі шляхамі ягонымі, а ўхіляліся ў карысьлівасьць і бралі дарункі і судзілі несправядліва.

4 І сабраліся ўсе старэйшыны Ізраіля, і прыйшлі да Самуіла ў Раму,

5 і сказалі яму: вось, ты састарыўся, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі; дык вось пастаў над намі цара, каб ён судзіў нас, як у іншых народаў.

6 І не спадабалася слова гэтае Самуілу, калі яны сказалі: дай нам цара, каб ён судзіў нас. І маліўся Самуіл Госпаду.

7 І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу народу ва ўсім, што яны кажуць табе; бо не цябе яны адхілілі, а адхілілі Мяне, каб Я не валадарыў над імі;

8 як яны рабілі з таго дня, калі Я вывеў іх зь Егіпта, і да гэтага дня, пакідалі Мяне і служылі іншым багам, так робяць яны з табою;

9 дык вось паслухай голасу іхняга; толькі абвясьці ім і пакажы ім правы цара, які будзе валадарыць над імі.

10 І пераказаў Самуіл усе словы Госпада народу, што прасіў у яго цара,

11 і сказаў: вось якія будуць правы ў цара, які будзе валадарыць над вамі: сыноў вашых ён возьме і прыставіць іх да калясьніц сваіх і зробіць верхаўцамі сваімі, і будуць яны бегаць перад калясьніцамі ягонымі;

12 і паставіць іх у сябе тысячнікамі і пяцідзясяцкімі, каб яны ўраблялі палеткі ягоныя і жалі хлеба яго і рабілі яму воінскую зброю і калясьнічныя прылады ягоныя;

13 і дочак вашых возьме, каб яны складвалі масьці, гатавалі ежу і пяклі хлеб;

14 і палі вашыя і вінаградныя і аліўкавыя сады вашыя лепшыя возьме і аддасьць слугам сваім;

15 і з пасеваў вашых і зь вінаградных садоў вашых возьме дзясятую частку і аддасьць еўнухам сваім і слугам сваім;

16 і рабоў вашых і рабынь вашых, і юнакоў вашых найлепшых і аслоў вашых возьме і ўжыве на свае патрэбы;

17 з дробнага быдла вашага возьме дзясятую частку, і самі вы будзеце яму рабамі;

18 і застогнеце тады ад цара вашага, якога вы выбралі сабе, і ня будзе Гасподзь адказваць вам тады.

19 Але народ не згадзіўся паслухацца голасу Самуіла і сказаў: не, хай цар будзе над намі,

20 і мы будзем як іншыя народы: будзе судзіць нас цар наш, і хадзіць перад намі, і весьці войны нашыя.

21 І выслухаў Самуіл усе словы народу і пераказаў іх у вушы Госпаду.

22 І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу іхняга і пастаў ім цара. І сказаў Самуіл Ізраільцянам: ідзеце кожны ў свой горад.

Сачыце за намі:



Аб'явы