Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЦАРСТВАЎ 15 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


1 Цар 15

1 І сказаў Самуіл Саўлу: Гасподзь паслаў мяне памазаць цябе царом над народам Ягоным, над Ізраілем; цяпер паслухайся голасу Госпада.

2 Так кажа Гасподзь Саваоф: успомніў Я пра тое, што зрабіў Амалік Ізраілю, як ён супрацьстаяў яму на шляху, калі ён ішоў зь Егіпта;

3 цяпер ідзі і пабі Амаліка і вынішчы ўсё, што ў яго; і не давай літасьці яму, а аддай сьмерці ад мужа да жонкі, ад падлетка да немаўляці, ад вала да авечкі, ад вярблюда да асла.

4 І сабраў Саўл люд і налічыў іх у Тэлаіме дзьвесьце тысяч Ізраільцянаў пешых і дзесяць тысяч з калена Юдавага.

5 І дайшоў Саўл да горада Амалікавага і зрабіў засаду ў даліне.

6 І сказаў Саўл Кіняянам: ідзеце, аддзялецеся, выйдзіце з асяродзьдзя Амаліка, каб я не загубіў вас зь ім, бо вы аказалі прыхільнасьць усім Ізраільцянам, калі яны ішлі зь Егіпта. І аддзяліліся Кіняяне з асяродзьдзя Амаліка.

7 І пабіў Саўл Амаліка ад Хавілы да навакольля Сура, што перад Егіптам;

8 і Агага, цара Амалікавага, захапіў жывога, а народ увесь вынішчыў мечам.

9 Але Саўл і народ пашкадавалі Агага і найлепшых авечак і валоў і ўкормленых ягнят, і ўсё добрае, і не хацелі зьнішчаць, а ўсе рэчы малаважныя і благія зьнішчылі.

10 І было слова Госпада Самуілу такое:

11 Шкадую, што паставіў Я Саўла царом, бо ён адвярнуўся ад Мяне і слова Майго ня выканаў. І засмуціўся Самуіл і заклікаў Госпада цэлую ноч.

12 І ўстаў Самуіл рана раніцай і пайшоў насустрач Саўлу. І паведамілі Самуілу, што Саўл хадзіў на Карміл і там паставіў сабе помнік, і сышоў у Галгал.

13 Калі прыйшоў Самуіл да Саўла, дык Саўл сказаў яму: дабраславёны ты ў Госпада; я выканаў слова Госпада.

14 І сказаў Самуіл: а што гэта за бляяньне авечак у вушах маіх і рыканьне валоў, якое я чую?

15 І сказаў Саўл: прывялі іх ад Амаліка, бо людзі пашкадавалі найлепшых авечак і валоў на ахвяраваньне Госпаду Богу твайму; а астатняе мы зьнішчылі.

16 І сказаў Самуіл Саўлу: пачакай, я скажу табе, што сказаў мне Гасподзь уначы. І сказаў яму Саўл: кажы.

17 І сказаў Самуіл: ці не малы ты быў у вачах тваіх, калі стаўся галавою плямёнаў Ізраілевых, і Гасподзь памазаў цябе царом над Ізраілем?

18 І паслаў цябе Гасподзь у дарогу, сказаўшы: ідзі і пракляні няверных Амалікіцянаў і ваюй супроць іх, пакуль ня зьнішчыш іх.

19 Чаму ж ты не паслухаў голасу Госпада і кінуўся на здабычу і ўчыніў благое перад вачыма Госпада?

20 І сказаў Саўл Самуілу: я паслухаўся голасу Госпада і пайшоў у дарогу, куды паслаў мяне Гасподзь, і прывёў Агага, цара Амалікіцкага, а Амаліка зьнішчыў;

21 а людзі са здабычы, з авечак і валоў, узялі самае лепшае з праклятага, дзеля ахвяраваньня Госпаду Богу твайму ў Галгале.

22 І адказаў Самуіл: няўжо цэласпаленьні і ахвяры гэтаксама прыемныя Госпаду, як паслушэнства голасу Госпада? паслушэнства лепшае за ахвяры і паслухмянасьць лепшая за тлушч авечы;

23 бо непакорлівасць ёсьць грэх, як чараўніцтва, і супраціўства тое самае, што балвахвалства; за тое, што ты занядбаў слова Госпада, і Ён занядбаў цябе, каб ты ня быў царом.

24 І сказаў Саўл Самуілу: зграшыў я, бо пераступіў загад Госпада і слова тваё; але я баяўся народу і паслухаўся голасу ягонага;

25 а цяпер здымі зь мяне грэх мой і вярніся са мною, каб я пакланіўся Госпаду твайму.

26 І адказаў Самуіл Саўлу: не вярнуся я з табою, бо ты зьнікчэмніў слова Госпада, і Гасподзь зьнікчэмніў цябе, каб ты ня быў царом над Ізраілем.

27 І павярнуўся Самуіл, каб адысьці. Але Саўл ухапіўся за край вопраткі ягонай і разадраў яе.

28 Тады сказаў Самуіл: сёньня адабраў Гасподзь царства Ізраільскае ў цябе і аддаў яго блізкаму твайму, лепшаму за цябе;

29 і ня скажа няпраўды і не пакаецца Заступнік Ізраілеў, бо не чалавек Ён, каб каяцца Яму.

30 І сказаў Саўл: я зграшыў; але ўшануй мяне сёньня перад старэйшынамі народу майго і перад Ізраілем і вярніся са мною, і я пакланюся Госпаду Богу твайму.

31 І вярнуўся Самуіл па Саўла, і пакланіўся Саўл Госпаду.

32 Потым сказаў Самуіл: прывядзеце да мяне Агага, цара Амалікіцкага. І падышоў да яго Агаг дрыготкі, і сказаў Агаг: канечне горыч сьмерці мінулася?

33 Але Самуіл сказаў: як меч твой жанчын пазбаўляў дзяцей, так маці твая сярод жанчын хай пазбудзецца сына. І расьсек Самуіл Агага прад Госпадам у Галгале.

34 І адышоў Самуіл у Раму, а Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву Саўлаву.

35 І больш ня бачыўся Самуіл з Саўлам да сьмерці сваёй; але смуткаваў Самуіл па Саўле, бо Гасподзь шкадаваў, што зрабіў Саўла царом над Ізраілем.

Сачыце за намі:



Аб'явы