Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЦІМАФЕЯ 5 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


1 Цім 5

1 Старца не дакарай, а ўмаўляй, як бацьку; малодшых, як братоў;

2 старых жанчын, як маці; маладых, як сёстраў, з поўнаю чысьцінёю.

3 Удоваў шануй, сапраўдных удоваў.

4 Калі ж якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык яны перш няхай вучацца шанаваць сваю сям'ю і аддзячвацца бацькам, бо гэта даспадобы Богу.

5 Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч;

6 а юрлівая раскошніца жывою памерла.

7 І гэта ўмаўляй ім, каб былі беззаганныя.

8 Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага.

9 Удава ж няхай выбіраецца ня менш як шасьцідзесяцігадовая, якая была жонкаю аднаго мужа,

10 вядомая добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, прымала гасьцінна дарожнікаў, умывала ногі сьвятым, пасабляла гаротнікам і была старанная ў кожнай добрай справе.

11 А маладых удоваў ня прымай, бо яны, калі ўпадаюць у раскошу насуперак Хрысту, хочуць замуж;

12 яны падпадаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру;

13 пры тым жа яны, не працуючы, прызвычайваюцца хадзіць па дамах і бываюць ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і гавораць, чаго ня сьлед.

14 І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя:

15 бо некаторыя ўжо збочылі на сьлед сатаны.

16 Калі які веруючы альбо веруючая мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў.

17 Прасьвітэры, якія служаць годна, вартыя адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і ў навучаньні.

18 Бо Пісаньне кажа: «ня цугляй мызу валу, які малоціць»; і «хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй».

19 Скаргу на прасьвітэра ня іначай прымай, як пры двух альбо трох сьведках.

20 Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі.

21 Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта зь бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю.

22 Рук ні на кога ня ўскладвай пасьпешліва, і не бяры ўдзелу ў чужых грахах; трымай сябе чыстым.

23 У далейшым пі ня толькі ваду, а спажывай крыху віна, дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.

24 Грахі некаторых людзей яўныя і проста вядуць да асуды, а ў некаторых выяўляюцца пазьней.

25 Гэтак сама і добрыя ўчынкі яўныя; а калі і не, схавацца ня могуць.

Сачыце за намі:



Аб'явы