Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 5 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


1 Фес 5

1 А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты,

2 бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы.

3 Бо, калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць.

4 Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей;

5 бо ўсе вы - сыны сьвятла і сыны дня: мы - ня сыны ночы, ні цемры.

6 Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца.

7 Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы.

8 Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне,

9 таму што Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

10 Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам зь Ім.

11 Таму ўмаўляйце адно аднаго і навучайце адно аднаго, як вы і робіце.

12 Просім жа вас, браты, паважаць тых, якія працуюць у вас, і якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і якія на розум вас настаўляюць,

13 і шанаваць іх пераважна зь любоўю за справу іхнюю; будзьце ў згодзе паміж сабою.

14 Молім вас таксама, браты, настаўляйце на розум бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце цярплівыя з усімі.

15 Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім.

16 Заўсёды радуйцеся.

17 Бесьперастанку малецеся.

18 За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце.

19 Духа не гасеце.

20 Прароцтваў не прыніжайце.

21 Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.

22 Ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе.

23 Сам жа Бог міру няхай асьвеціць вас ва ўсёй поўніцы, і ваш дух і душа і цела ва ўсёй цэласьці няхай захаваюцца без пахібы ў прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.

24 Верны Той, Хто заклікае вас, Які і зьдзейсьніць гэта.

25 Браты! малецеся за нас.

26 Вітайце ўсіх братоў цалаваньнем сьвятым.

27 Заклікаю вас Госпадам прачытаць гэта пасланьне ўсім сьвятым братам.

28 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.

Сачыце за намі:



Аб'явы