Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЯНА 3 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ян 3

1 Быў жа сярод фарысэяў чалавек на імя Нікадэм, начальнік юдэйскі.

2 Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: «Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог».

3 Адказаў яму Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца звыш, ня можа ўбачыць Валадарства Божага».

4 Кажа Яму Нікадэм: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці сваёй і нарадзіцца?»

5 Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае.

6 Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух.

7 Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш.

8 Дух дыхае, дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа».

9 Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як гэта можа стацца?»

10 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты — настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш?

11 Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прыймаеце.

12 Калі Я сказаў вам пра зямное, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае?

13 І ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Сын Чалавечы, Які ў небе, Які з неба зыйшоў.

14 І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,

15 каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

16 Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.

18 Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

19 Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя.

20 Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя.

21 А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены».

22 Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую, і там быў з імі, і хрысьціў.

23 Ян жа таксама хрысьціў у Эноне, недалёка ад Салему, бо вады там было шмат, і прыходзілі туды, і хрысьціліся,

24 бо Ян яшчэ ня быў кінуты ў вязьніцу.

25 І сталася спрэчка ў Янавых вучняў з Юдэямі пра ачышчэньне.

26 І прыйшлі да Яна, і сказалі яму: «Раббі! Той, Які быў з табою за Ярданам, пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць, і ўсе ідуць да Яго».

27 Адказаў Ян і сказаў: «Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба.

28 Самі вы сьведкі мне ў тым, што я сказаў: “Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім”.

29 Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра жаніха, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца дзеля голасу жаніха. Вось гэтая радасьць мая споўнілася.

30 Яму трэба расьці, а мне — малець».

31 Хто з вышыні прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, Той вышэй за ўсіх,

32 і што бачыў і чуў, пра тое сьведчыць, і ніхто не прыймае сьведчаньня Ягонага.

33 Хто ж прыняў Яго сьведчаньне, той запячатаў, што Бог праўдзівы.

34 Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня мераючы дае Бог Духа.

35 Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго.

36 Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім.

Сачыце за намі:



Аб'явы