ЯНА 12 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ян 12 1 За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар нябожчык, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. 2 Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, што ўзьлягалі з Ім. 3 Марыя ж, узяўшы фунт міра нардовага, чыстага і каштоўнага, памазала ногі Ісуса і выцерла валасамі сваімі ногі Ягоныя, а дом напоўніўся водарам ад міра. 4 Кажа тады адзін з вучняў Ягоных, Юда Сымонаў Іскарыёт, які меўся выдаць Яго: 5 «Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?» 6 Казаў жа ён гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей і меў каліту, і браў тое, што [туды] кідалі. 7 Ісус тады сказаў: «Пакіньце яе. Яна захавала яго на дзень пахаваньня Майго, 8 бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды». 9 Тады вялікі натоўп з Юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але і каб Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. 10 А першасьвятары пастанавілі забіць і Лазара, 11 бо дзеля яго шмат Юдэяў прыходзіла і паверыла ў Ісуса. 12 На заўтра вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуў, што Ісус прыходзіць у Ерусалім, 13 і ўзялі пальмовыя галінкі, і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Які прыходзіць у імя Госпада, Валадар Ізраіля!» 14 Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як напісана: 15 «Ня бойся, дачка Сыёну! Вось, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асьляняці». 16 Вучні Ягоныя перш не разумелі гэтага, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны ўзгадалі, што гэтак было напісана пра Яго і гэтак зрабілі Яму. 17 Натоўп жа, які быў з Ім, сьведчыў тады, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрасіў яго з мёртвых. 18 Таму і пераняў Яго натоўп, бо чуў, што Ён зрабіў гэты знак. 19 Фарысэі ж гаварылі між сабою: «Глядзіце, нічога не атрымліваецца! Вось, сьвет пайшоў за Ім». 20 Былі ж некаторыя Грэкі сярод тых, якія прыйшлі пакланіцца на сьвята. 21 Яны падыйшлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам бачыць Ісуса». 22 Філіп ідзе і кажа Андрэю; і пасьля Андрэй і Філіп кажуць Ісусу. 23 А Ісус адказаў ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы. 24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прыносіць шмат плоду. 25 Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а той, хто ненавідзіць душу сваю ў гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае. 26 Хто Мне служыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і служыцель Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец. 27 Цяпер душа Мая ўстрывожана; і што Я скажу? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў. 28 Ойча, праслаў імя Тваё!» Тады прыйшоў голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю». 29 Натоўп, які стаяў і чуў, казаў: «Былі грымоты». Іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго». 30 Адказаў Ісус і сказаў: «Ня дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. 31 Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе прэч. 32 І Я, калі буду падняты з зямлі, усіх прыцягну да Сябе». 33 Сказаў жа Ён гэтае, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці. 34 Натоўп адказваў Яму: «Мы чулі з Закону, што Хрыстос застаецца вечна. Дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?» 35 Тады сказаў ім Ісус: «Яшчэ на кароткі час сьвятло з вамі. Хадзіце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра вас не агарнула; а хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды ідзе. 36 Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб сталіся вы сынамі сьвятла». Гэта сказаў Ісус і, адыйшоўшы, схаваўся ад іх. 37 Хоць гэтулькі знакаў учыніў Ён перад імі, яны не паверылі ў Яго, 38 каб споўнілася слова Ісаі прарока, якое той сказаў: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас, і каму было адкрытае рамяно Госпада?» 39 Дзеля гэтага не маглі яны верыць, бо ізноў сказаў Ісая: 40 «Ён засьляпіў вочы іхнія і сэрца іхняе скамяніў, каб ня ўбачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх». 41 Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і гаварыў пра Яго. 42 Аднак і з начальнікаў шмат хто паверыў у Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі, 43 бо яны палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую. 44 А Ісус закрычаў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне. 45 І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне. 46 Я, Сьвятло, прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не застаўся ў цемры. 47 І калі хто пачуе гэтыя словы і не паверыць, Я ня буду судзіць яго, бо Я прыйшоў не каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет. 48 Хто адкідае Мяне і не прыймае словаў Маіх, мае судзьдзю для сябе — слова, якое Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень; 49 бо Я казаў не ад Сябе, але Айцец, Які паслаў Мяне, даў Мне прыказаньне, што казаць і што гаварыць. 50 І Я ведаю, што прыказаньне Ягонае ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне Айцец». |