Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЯНА 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ян 11

1 Быў жа нейкі хворы Лазар з Бэтаніі, мястэчка Марыі і Марты, сястры ейнай.

2 А Марыя, якой брат Лазар быў хворы, была тая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі.

3 Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе! Вось той, з кім Ты сябруеш, нядужы».

4 Ісус, пачуўшы, сказаў: «Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе».

5 А Ісус любіў Марту, і сястру ейную, і Лазара.

6 Калі ж пачуў, што той хворы, дык заставаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся.

7 Пасьля гэтага кажа вучням: «Пойдзем ізноў у Юдэю».

8 Вучні кажуць Яму: «Раббі! Толькі што Юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?»

9 Ісус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету,

10 а хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо сьвятла няма ў ім».

11 Сказаў гэта, і пасьля кажа ім: «Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго».

12 Сказалі тады вучні Ягоныя: «Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы».

13 Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак.

14 Тады Ісус сказаў ім адкрыта: «Лазар памёр;

15 і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго».

16 Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці з ім».

17 Прыйшоўшы, Ісус знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.

18 Бэтанія ж была блізка ад Ерусаліму, каля пятнаццаці стадыяў.

19 І шмат Юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі пацешыць іх па браце іхнім.

20 Марта, калі пачула, што ідзе Ісус, выйшла напярэймы Яму, а Марыя сядзела ў доме.

21 Тады Марта сказала Ісусу: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.

22 Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог».

23 Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсьне брат твой».

24 Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень».

25 Ісус сказаў ёй: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе.

26 І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?»

27 Яна кажа Яму: «Так, Госпадзе! Я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет».

28 І, сказаўшы гэтае, пайшла і паклікала цішком Марыю, сястру сваю, кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе».

29 Яна, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго.

30 Ісус жа яшчэ не ўвайшоў у мястэчка, але быў на тым месцы, дзе пераняла Яго Марта.

31 Юдэі ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што ідзе на магілу плакаць там.

32 Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой».

33 Ісус, калі ўбачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, уздыхнуў у духу, і ўсхваляваўся,

34 і сказаў: «Дзе вы палажылі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе! Прыйдзі і паглядзі».

35 Ісус заплакаў.

36 Казалі тады Юдэі: «Глядзі, як Ён любіў яго».

37 А некаторыя з іх сказалі: «Ці ня мог Ён, Які адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»

38 Ісус жа, ізноў уздыхнуўшы ў духу, прыходзіць да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.

39 Кажа Ісус: «Падыміце камень!» Кажа Яму сястра нябожчыка, Марта: «Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень».

40 Кажа ёй Ісус: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?»

41 Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ўгору і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.

42 Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне».

43 І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: «Лазар! Выйдзі вонкі!»

44 І выйшаў нябожчык са зьвязанымі пахавальнай тканінай нагамі і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: «Разьвяжыце яго і дайце хадзіць».

45 Тады многія з Юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Ісус, паверылі ў Яго.

46 А некаторыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.

47 Тады першасьвятары і фарысэі склікалі сынэдрыён і казалі: «Што нам рабіць? Гэты Чалавек робіць шмат знакаў.

48 Калі пакінем Яго гэтак, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца [гэтае] і народ».

49 Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў той год першасьвятаром, сказаў ім: «Вы нічога ня ведаеце,

50 і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў».

51 Гэтае ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год першасьвятаром, прарочыў, што Ісус мае памерці за народ,

52 і ня толькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у адно.

53 Ад гэтага дня яны пастанавілі, каб забіць Яго.

54 Тады Ісус ужо не хадзіў адкрыта між імі, але пайшоў адтуль у краіну ля пустыні, у горад, называны Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.

55 Была ж блізка Пасха юдэйская, і з усяго Краю многія ўзыйшлі ў Ерусалім перад Пасхай, каб ачысьціцца.

56 Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў сьвятыні, гаварылі між сабою: «Як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?»

57 А першасьвятары і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб схапіць Яго.

Сачыце за намі:



Аб'явы