ЯНА 10 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ян 10 1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але ўлазіць іначай, той злодзей і разбойнік. 2 А хто ўваходзіць дзьвярыма, той — пастыр авечак. 3 Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць голас ягоны, і ён кліча сваіх авечак па імёнах, і выводзіць іх. 4 І калі выведзе сваіх авечак, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны. 5 За чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу». 6 Гэтую прыказку сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, што такое Ён гаварыў ім. 7 Тады ізноў сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я — дзьверы авечак. 8 Усе, якія прыходзілі раней за Мяне, — злодзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухаліся іх. 9 Я — дзьверы. Хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе. 10 Злодзей прыходзіць, каб толькі ўкрасьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь. 11 Я — Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу сваю за авечак, 12 а найміт, які ня пастыр, для якога авечкі не свае, бачыць, што прыходзіць воўк, і пакідае авечак, і ўцякае, і воўк хапае іх, і разганяе авечак. 13 Найміт жа ўцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечак. 14 Я — Пастыр добры і ведаю, хто Мае, і Мае ведаюць Мяне. 15 Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і душу Маю аддаю за авечак. 16 Маю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара, і іх Я мушу прывесьці. І яны пачуюць голас Мой, і станецца адзін статак і адзін Пастыр. 17 За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю душу Маю, каб ізноў узяць яе. 18 Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Маю ўладу аддаць яе і маю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго». 19 Тады ізноў стаўся падзел між Юдэямі дзеля гэтых словаў. 20 Многія з іх казалі: «Ён мае дэмана і вар’яцее; што вы слухаеце Яго?» 21 Другія казалі: «Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыняць вочы сьляпым?» 22 І сталася ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма. 23 І хадзіў Ісус у сьвятыні ў прысенку Салямонавым. 24 Тады абступілі Яго Юдэі і сказалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам адкрыта». 25 Адказаў ім Ісус: «Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне. 26 Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам. 27 Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. 28 І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто ня выхапіць іх з рукі Маёй. 29 Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто ня можа выхапіць іх з рукі Айца Майго. 30 Я і Айцец — адно». 31 Тады ізноў Юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Яго. 32 Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?» 33 Юдэі адказалі Яму, кажучы: «Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьнерства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам». 34 Ісус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: ‘Вы — богі’ ”? 35 Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне, 36 як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: “Блюзьніш”, таму што сказаў: “Я — Сын Божы”? 37 Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне. 38 Калі ж раблю, а вы Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім». 39 Тады ізноў шукалі схапіць Яго, але Ён выйшаў з рук іхніх 40 і пайшоў ізноў за Ярдан, у тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там. 41 І многія прыйшлі да Яго, і казалі, што Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, было праўдзівым. 42 І многія там паверылі ў Яго. |