Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЯКАВА 5 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Як 5

1 Паслухайце цяпер вы, багатыя! Галасіце і плачце дзеля няшчасьцяў вашых, якія прыходзяць!

2 Багацьце вашае згніло, і шаты вашыя моль стачыла.

3 Золата вашае і срэбра паржавела, і іржа іхняя сьведчыць супраць вас і зьесьць цела вашае, як агонь. Вы сабралі сабе скарб на апошнія дні.

4 Вось плата, якой вы пазбавілі работнікаў, што пажалі палі вашыя, кліча, і лямант жняцоў дайшоў да вушэй Госпада Магуцьцяў.

5 Вы мелі раскошу на зямлі і жылі ў распусьце; вы насыцілі сэрцы вашыя, быццам на дзень, калі будзеце на зарэз.

6 Вы асудзілі, забілі Праведнага; Ён не супрацьстаў вам.

7 Дык будзьце доўгацярплівымі, браты, да прыйсьця Госпада. Вось, земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі, і дзеля яго доўгацярплівы, аж пакуль атрымае дождж раньні і позьні.

8 Будзьце доўгацярплівымі і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прыйсьце Госпада набліжаецца.

9 Не наракайце, браты мае, адзін на аднаго, каб ня быць асуджанымі. Вось, Судзьдзя стаіць перад дзьвярыма.

10 За прыклад злыбедаў і доўгацярплівасьці вазьміце, браты мае, прарокаў, якія гаварылі ў імя Госпада.

11 Вось, мы шчасьлівымі называем тых, якія вытрывалі. Вы чулі пра цярплівасьць Ёва і ведаеце канец [яго] ад Госпада, бо Госпад вельмі спагадлівы і міласэрны.

12 Дык перш за ўсё, браты мае, не прысягайцеся ані небам, ані зямлёю, ані якою другою прысягаю, але няхай будзе ў вас «Так, так» і «Не, не», каб вам не патрапіць пад суд.

13 Мае злыбеды нехта з вас? Няхай моліцца. Бадзёры хто? Няхай псальмы сьпявае.

14 Захварэў хто з вас? Няхай пакліча старостаў царквы, і няхай тыя памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Госпада,

15 і малітва веры збавіць нямоглага, і Госпад падыме яго; і калі ён грахі ўчыніў, будзе адпушчана яму.

16 Вызнавайце адзін аднаму грахі і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі. Шмат можа настойлівая просьба праведніка!

17 Ільля быў чалавек, падобны да нас, і малітваю памаліўся, каб не ішоў дождж, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў.

18 І ізноў памаліўся, і неба дало дождж, і зямля ўзрасьціла плод свой.

19 Браты, калі хто з вас ухіліўся ад праўды, і нехта наверне яго,

20 няхай ведае, што той, які навярнуў грэшніка з памылковага шляху ягонага, збавіць душу [ягоную] ад сьмерці і прыкрые мноства грахоў.

Сачыце за намі:



Аб'явы