ЮДЫ 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Юда 1 1 Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і захаваныя Ісусам Хрыстом: 2 літасьць вам, і супакой, і любоў няхай памножацца! 3 Улюбёныя! Прыкладаючы ўсякую дбайнасьць, каб пісаць вам пра агульнае збаўленьне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамін — змагацца за веру, аднойчы перададзеную сьвятым. 4 Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста, выракаюцца. 5 Я хачу нагадаць вам, якія аднойчы гэта даведаліся, што Госпад, вызваліўшы народ з зямлі Эгіпецкае, тых, што не паверылі, пасьля загубіў, 6 і анёлаў, якія не захавалі свае ўлады, але пакінулі сваё жытло, у вечных путах пад цемраю на суд вялікага дня трымае. 7 Як Садом і Гамора і вакалічныя гарады, якія падобна да іх жылі ў распусьце і за іншым целам хадзілі, падпаўшы пад кару вечнага агню, пастаўленыя за прыклад, — 8 гэтаксама будзе і з гэтымі летуценьнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць панаваньне і блюзьняць супраць славы. 9 Міхал арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесьці блюзьнерскага прысуду, але сказаў: «Няхай забароніць табе Госпад». 10 А гэтыя блюзьняць супраць таго, чаго ня ведаюць; а што паводле прыроды ведаюць, як бязмоўныя жывёлы, тым сябе зьнішчаюць. 11 Гора ім, бо яны пайшлі шляхам Каіна, паддаліся падману нагароды Білеама, і ва ўпартасьці загінулі, як Карах. 12 Яны — небясьпека на вашых вячэрах любові; банкетуючы з вамі, пасуцца бяз страху; гэта хмары бязводныя, якія ветрам носяцца; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памёршыя, з корнем павырываныя; 13 лютыя хвалі марскія, якія пеняцца сорамам сваім; зоркі, што блукаюць, для якіх змрок цемры навекі захаваны. 14 Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: «Вось, ідзе Госпад з дзясяткамі тысячаў сьвятых Сваіх, 15 [каб] учыніць суд над усімі і дакарыць усіх бязбожнікаў іхніх за ўсе ўчынкі бязбожнасьці іх, якімі бязбожнае чынілі, і за ўсе жорсткасьці, што гаварылі на Яго бязбожныя грэшнікі». 16 Гэта наракальнікі, якія нічым не задавальняюцца, якія ходзяць паводле пажаданьняў сваіх; і вусны іхнія гавораць пыхліва, і яны зважаюць на аблічча дзеля карысьці. 17 Але вы, улюбёныя, памятайце словы, раней сказаныя апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста: 18 яны казалі вам, што ў апошні час зьявяцца лаяльнікі, якія ходзяць паводле сваіх бязбожных пажаданьняў. 19 Гэта тыя, якія адлучаюць сябе ад іншых, душэўныя, але ня маюць духа. 20 А вы, улюбёныя, будуючы сябе найсьвяцейшай верай вашаю, молячыся ў Духу Сьвятым, 21 захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё вечнае. 22 І над аднымі літуйцеся з развагаю, 23 а другіх ратуйце, выхопліваючы з агню, дакарайце са страхам, ненавідзячы нават вопратку, целам апаганеную. 24 А Таму, Які можа захаваць вас ад упадку і паставіць перад славаю Сваёю беззаганнымі і ў радасьці, 25 адзінаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, слава і веліч, сіла і ўлада цяпер і на ўсе вякі. Амэн. |