Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЭФЭСЯНАЎ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Эф 2

1 І вас, мёртвых праз праступкі і грахі вашыя,

2 у якіх вы некалі хадзілі паводле веку гэтага сьвету, па волі князя, які валадарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорнасьці, —

3 між якімі і мы ўсе жылі некалі ў пажаданьнях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя, —

4 Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас,

5 і нас, мёртвых праз праступкі, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкай [Божай] вы збаўленыя, —

6 і ўваскрасіў, і пасадзіў у нябёсах у Хрысьце Ісусе,

7 каб зьявіць у вяках, якія прыходзяць, бязьмернасьць багацьця ласкі Сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе.

8 Бо ласкаю [Божай] вы збаўленыя праз веру; і гэта не ад вас — Божы дар:

9 не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся.

10 Бо мы — твор Ягоны, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх хадзілі.

11 Дзеля гэтага памятайце, што вы, некалі пагане целам, называныя неабрэзанымі праз тых, якія завуцца абрэзанымі целам [абразаньнем], зробленым рукамі,

12 што вы былі ў той час без Хрыста, адлучаныя ад грамадзянства Ізраіля і чужыя запаветам абяцаньня, ня маючы надзеі і бязбожнікі ў сьвеце.

13 А цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі некалі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыста.

14 Бо Ён — супакой наш, Які ўчыніў з абодвух адно і зруйнаваў загарадку, што стаяла пасярэдзіне,

15 зьнішчыўшы варожасьць Целам Сваім, Закон прыказаньняў, які быў у пастановах, каб з двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, прыносячы супакой,

16 і ў адным целе пагадзіць абодвух з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасьць.

17 І, прыйшоўшы, Ён дабравесьціў супакой вам, якія далёка і якія блізка,

18 бо праз Яго абодва маем доступ да Айца ў адным Духу.

19 Дык вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, але суграмадзяне сьвятым і хатнія ў Бога,

20 збудаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста за кутні камень,

21 на якім уся пабудова, ра­зам змацаваная, расьце ў сьвятую бажніцу ў Госпадзе,

22 на якім і вы разам будуецеся на жытло Божае Духам.

Сачыце за намі:



Аб'явы