Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЭКЛЕЗІЯСТА 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Экл 4

1 І я павярнуўся, і ўбачыў усякі прыгнёт, які робіцца пад сонцам, і вось, слёзы прыгнечаных, і няма для іх суцяшэньня; і ў руцэ прыгнятальнікаў — сіла, і няма для іх суцяшэньня.

2 І я больш пахваліў памёршых, якія ўжо памерлі, чым жывых, якія яшчэ жывуць.

3 А лепшы за іх абодвух той, якога яшчэ няма, які ня бачыў ліхія справы, што робяцца пад сонцам.

4 І ўбачыў я, што кожная цяжкая праца і кожны посьпех у справах выклікае зайзд­расьць да чалавека ў бліжняга [ягонага]. Гэта таксама мар­насьць і пагоня за ветрам.

5 Дурань складвае рукі свае і зьядае цела сваё.

6 Лепшая адна поўная жменя са спакоем, чым абедзьве жмені напоўненыя, а з імі цяжкая праца і пагоня за ветрам.

7 І я павярнуўся, і ўбачыў марнасьць пад сонцам.

8 [Чалавек] адзін, і няма другога, таксама няма ані сына, ані брата ў яго, і няма канца ўсёй цяжкай працы ягонай, і вока ягонае не насычаецца багацьцем, [і кажа ён:] “Для каго я працую і пазбаўляю душу сваю дабра?” Гэта таксама марнасьць і кепскі занятак.

9 Лепш двум, чым аднаму, таму што маюць добрую ўзнагароду за цяжкую працу сваю.

10 Бо калі адзін упадзе, другі падыме таварыша свайго. Але гора аднаму, як ён упадзе, і няма другога, каб падняць яго.

11 Таксама, калі ляжаць двое, будзе цёпла ім; а як адзін можа сагрэцца?

12 І, калі хто зможа перамагчы аднаго, дык двое супрацьстануць яму, і вяроўка патройная ня хутка парвецца.

13 Лепш хлопец бедны і мудры, чым валадар стары і дурны, які ня можа ўжо прый­маць парады.

14 Бо той выходзіць з вязьніцы, каб валадарыць, а гэты ў валадарстве сваім можа стаць бедаком.

15 І я бачыў усіх, хто жыве і ходзіць пад сонцам, з тым хлопцам, другім, які стане на месца ягонае.

16 Няма канца ўсяму народу, усім, якія былі перад ім, але тыя, што пасьля будуць, ня будуць радавацца дзеля яго. І гэта таксама марнасьць і турбаваньне духа.

17 Захоўвай ногі свае, калі ідзеш у Дом Божы, і набліжайся туды, каб слухаць, а не складаць ахвяры як дурні, бо яны ня маюць веданьня, робячы зло.

Сачыце за намі:



Аб'явы