ЭКЛЕЗІЯСТА 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Экл 2 1 Сказаў я ў сэрцы маім: “Вось жа цяпер паспрабую радасьць і пагляджу на тое, што добрае”, але гэта таксама марнасьць. 2 Пра сьмех сказаў я: “Шаленства!”, і пра радасьць: “Што яна зробіць?” 3 Вырашыў я ў сэрцы маім дазволіць целу майму віно, але каб сэрца маё кіравалася мудрасьцю, і трымацца глупоты, аж пакуль ня ўбачу, што добра для сыноў чалавечых, каб рабіць пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго. 4 Я павялічыў справы свае: пабудаваў сабе дамы і пасадзіў для сябе вінаграднікі, 5 залажыў для сябе сады і гаі, і пасадзіў у іх усялякіх дрэваў пладовых, 6 і зрабіў сабе сажалкі з вадою, каб напойваць лес, у якім растуць дрэвы. 7 Я набыў нявольнікаў і нявольніц, і чэлядзь была ў мяне, таксама статкі валоў і чароды авечак былі ў мяне большыя, чым у-ва ўсіх, што былі раней за мяне ў Ерусаліме. 8 Я назьбіраў сабе таксама срэбра і золата, і каштоўнасьці валадароў і акругаў; завёў сьпевакоў і сьпявачак, і асалоду сыноў чалавечых, мноства наложніцаў. 9 І зрабіўся я вялікшым і заможнейшым за ўсіх, якія былі раней за мяне ў Ерусаліме; а мудрасьць мая была са мною. 10 І ўсё, чаго жадалі вочы мае, я не адмаўляў ім, і не забараняў сэрцу свайму ніякай радасьці, бо сэрца маё радавалася з усёй цяжкай працы маёй, і гэта была доля мая ў-ва ўсёй цяжкай працы маёй. 11 І азірнуўся я на ўсе справы свае, якія зрабілі рукі мае, і на цяжкую працу маю, якую рабіў, працуючы, і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і няма карысьці з гэтага пад сонцам. 12 І азірнуўся я, каб паглядзець на мудрасьць, і шаленства, і глупоту, бо што можа зрабіць чалавек, які прыйдзе пасьля валадара, звыш таго, што раней рабілася. 13 І ўбачыў я, што з мудрасьці большая карысьць, чым з глупоты, падобна як карысьць са сьвятла большая, чым з цемры. 14 Мудры [мае] вочы свае ў галаве сваёй, а дурань ходзіць у цемры. І пазнаў я таксама, што тая самая доля спаткае іх усіх. 15 І сказаў я ў сэрцы маім: “Калі адна доля будзе для мяне і для дурня, навошта мне вялікая мудрасьць?” І сказаў я ў сэрцы маім: “Гэта таксама марнасьць”. 16 Бо ня будзе на вякі памяці пра мудрага, як і пра дурня. Тое, што цяпер ёсьць, у дні наступныя ўсё забудзецца, і мудры памірае гэтак сама, як і дурань. 17 І зьненавідзеў я жыцьцё, бо ліхімі былі для мяне справы, што робяцца пад сонцам; бо ўсё — марнасьць і пагоня за ветрам. 18 І зьненавідзеў я ўсю цяжкую працу маю, якой працаваў пад сонцам, якую мушу пакінуць чалавеку, які будзе пасьля мяне. 19 І хто ведае, ці мудрым ён будзе, ці неразумным? А ён будзе панаваць над [пладамі] ўсёй цяжкай працы маёй, дзеля якіх я працаваў і якія мудрасьцю зьбіраў пад сонцам. І гэта таксама марнасьць. 20 І павярнуўся я, каб адцурацца сэрцу майму ад усёй цяжкай працы, якой я працаваў пад сонцам. 21 Бо ёсьць так, што чалавек, які працуе з мудрасьцю, і з веданьнем, і пасьпяхова, аддае набытак свой чалавеку, які не працаваў над гэтым. І гэта таксама марнасьць і вялікае зло. 22 Бо што будзе мець чалавек з усёй цяжкай працы сваёй і турбаваньняў сэрца свайго, якімі ён спрацаваны пад сонцам? 23 Бо ўсе дні ягоныя — боль, і занятак ягоны — смутак, нават уначы не адпачывае сэрца ягонае. І гэта таксама марнасьць. 24 Няма нічога лепшага чалавеку, як есьці і піць, і даваць душы сваёй [карыстацца] дабром цяжкай працы сваёй. Таксама ўбачыў я, што гэта з рукі Божай [паходзіць]. 25 Бо хто еў і хто пасьпяшаўся [мець усё] так, як я? 26 Бо чалавеку, які добры перад абліччам Ягоным, Ён дае мудрасьць, і веданьне, і радасьць, а грэшніку дае занятак, каб зьбіраў, і назапашваў, і [потым] аддаў таму, хто добры перад абліччам Божым. І гэта таксама марнасьць і пагоня за ветрам. |