ЭЗДРЫ 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Эзр 8 1 Гэта галовы [дамоў] бацькоў сваіх і радавод тых, што ўзыйшлі са мною з Бабілону ў валадараньне Артаксэркса валадара: 2 з сыноў Пінхаса — Гершом; з сыноў Ітамара — Даніэль; з сыноў Давіда — Хаттуш; 3 з сыноў Шэханіі, з сыноў Пароша — Захарыя, і з ім запісаных у радаводзе мужчынаў сто пяцьдзясят; 4 з сыноў Пахат-Маава — Элегаэнай, сын Зэрахіі, і з ім дзьвесьце мужчынаў; 5 з сыноў Шэханіі — сын Яхазіэля, і з ім трыста мужчынаў; 6 з сыноў Адына — Евэд, сын Ёнатана, і з ім пяцьдзясят мужчынаў; 7 з сыноў Эляма — Ешая, сын Аталіі, і з ім семдзясят мужчынаў; 8 з сыноў Шэфатыі — Зэвадыя, сын Міхаэля, і з ім восемдзясят мужчынаў; 9 з сыноў Ёава — Абадыя, сын Ехіэля, і з ім дзьвесьце васямнаццаць мужчынаў; 10 з сыноў [Бані] — Шэляміт, сын Ёсіфіі, і з ім сто шэсьцьдзясят мужчынаў; 11 з сыноў Бэвая — Захарыя, сын Бэвая, і з ім дваццаць восем мужчынаў; 12 з сыноў Азгада — Ёханан, сын Гакатана, і з ім сто дзесяць мужчынаў; 13 з сыноў Аданікама — апошнія, імёны якіх гэткія: Эліфэлет, Еіэль і Шэмая, і з імі шэсьцьдзясят мужчынаў; 14 з сыноў Бігвая — Утай і Завуд, і з імі семдзясят мужчынаў. 15 І я сабраў іх каля ракі, што ўпадае ў Агаву, і мы стаялі табарам там тры дні; і я агледзеў народ і сьвятароў, але сыноў Левія там не знайшоў. 16 I паслаў я па Эліэзэра, Арыэля, Шэмаю, Эльнатана, Ярыва, Эльнатана, Натана, Захарыю і Мэшуляма — галоўных; і па Ёярыва і Эльнатана — кемлівых; 17 I накіраваў іх да Іддо, галоўнага ў мясцовасьці Касіфія, і ўклаў у вусны іхнія словы да Іддо і братоў ягоных нэтынэяў у мясцовасьці Касіфія, каб яны прывялі нам служыцеляў для Дому Бога нашага. 18 I прывялі яны да нас, бо добрая рука Божая [была] над намі, мужа разумнага з сыноў Махлі, сына Левія, сына Ізраіля, і Шэрэвію з сынамі ягонымі, і братоў ягоных — васямнаццаць, 19 і Хашавію, і з ім Ешаю з сыноў Мэрары, братоў ягоных і сыноў ягоных — дваццаць; 20 і з нэтынэяў, якіх даў Давід і князі на служэньне лявітаў, — дзьвесьце дваццаць нэтынэяў, усе запісаныя па імёнах. 21 І я абвясьціў там пост каля ракі Агавы, каб мы скарыліся перад абліччам Бога нашага і прасілі ў Яго шляху простага для нас і для дзяцей нашых, і для ўсёй маёмасьці нашай, 22 бо я саромеўся прасіць у валадара войска і коньнікаў, каб абаранялі нас ад ворага ў дарозе, бо мы сказалі валадару, кажучы: «Рука Бога нашага на дабро для ўсіх, хто шукае Яго, а моц Ягоная і гнеў Ягоны — на ўсіх, хто пакідае Яго». 23 І мы посьцілі, і прасілі Бога нашага пра гэта; і Ён даў нам упрасіць Сябе. 24 I я аддзяліў дванаццаць князёў над сьвятарамі — Шэрэвію, Хашавію і дзесяць братоў іхніх з імі, 25 і адважыў ім срэбра, і золата, і начыньне, падараванае для Дому Бога нашага, якое ахвяравалі валадар і дарадцы ягоныя, і князі ягоныя, і ўвесь Ізраіль, які быў там. 26 І я адважыў на рукі іхнія срэбра шэсьцьсот пяцьдзясят талентаў і начыньня срэбнага — сто талентаў, і золата — сто талентаў, 27 і келіхаў залатых — дваццаць на тысячу дукатаў, і начыньні з медзі бліскучай, добрай — два, дарагія як золата. 28 I сказаў я ім: «Вы — сьвятасьць для ГОСПАДА, і начыньні — сьвятасьць, а срэбра і золата — дабраахвотныя ахвяры для ГОСПАДА, Бога бацькоў вашых. 29 Чувайце і пільнуйце [гэта], аж пакуль адважыце [яго] перад князямі сьвятароў і лявітаў і перад князямі [дамоў] бацькоў Ізраіля ў Ерусаліме, у пакоях Дому ГОСПАДА». 30 І ўзялі сьвятары і лявіты вагу срэбра і золата, і начыньні, каб прынесьці ў Ерусалім, у Дом Бога нашага. 31 I вырушылі мы ад ракі Агавы ў дванаццаты дзень першага месяца, каб ісьці ў Ерусалім. І рука Бога нашага была над намі, і ўратавала нас ад рукі ворага і ад засады на шляху. 32 I прыйшлі мы ў Ерусалім, і былі там тры дні. 33 У чацьвёрты дзень адважылі мы срэбра і золата, і начыньне ў Доме Бога нашага на руку Мэрэмота, сына Урыі, сьвятара, а з ім [быў] Элеазар, сын Пінхаса, і з імі — Ёзавад, сын Ешуа, і Наадыя, сын Біннуя, лявіты, 34 усё лікам і вагою. I запісана была ўся тая вага ў той самы час. 35 Тыя, што прыйшлі з палону, сыны выгнаньня, склалі цэласпаленьне для Бога Ізраіля — дванаццаць бычкоў за ўсяго Ізраіля, дзевяноста шэсьць бараноў, семдзясят сем ягнятаў і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх, усё на цэласпаленьне для ГОСПАДА. 36 I яны аддалі загады валадара цівунам валадарскім і ваяводам Зарэчча, і яны дапамагалі народу і Дому Божаму. |