ЭЗДРЫ 7 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Эзр 7 1 І пасьля гэтых здарэньняў, у валадараньне Артаксэркса, валадара Пэрсаў, Эзра, сын Сэраі, сына Азарыі, сына Хількіі, 2 сына Шальлюма, сына Цадока, сына Ахітува, 3 сына Амарыі, сына Азарыі, сына Мэраёта, 4 сына Зэрахіі, сына Узі, сына Буккі, 5 сына Абішуа, сына Пінхаса, сына Элеазара, сына Аарона, найвышэйшага сьвятара, — 6 гэты Эзра выйшаў з Бабілону. Ён быў кніжнік, знаўца Закону Майсеевага, які даў ГОСПАД, Бог Ізраіля. I даў яму валадар усё паводле ўсякай просьбы ягонай, бо рука ГОСПАДА, Бога ягонага, [была] на ім. 7 І ўзыйшлі ў Ерусалім некаторыя з сыноў Ізраіля і са сьвятароў, лявітаў, сьпевакоў, прыдзьвернікаў і нэтынэяў у сёмы год валадара Артаксэркса. 8 I прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц сёмага году валадара; 9 бо ў першы [дзень] першага месяца пачаў ён узыходзіць з Бабілону, і ў першы [дзень] пятага месяца прыйшоў у Ерусалім, бо добрая рука Бога ягонага [была] над ім. 10 Бо Эзра ўмацаваў сэрца сваё, каб дасьледаваць Закон ГОСПАДА, і захоўваць [яго], і вучыць у Ізраілі пастановы і прысуды [ягоныя]. 11 I вось водпіс лісту, які даў валадар Артаксэркс Эзры сьвятару, кніжніку, кніжніку словаў прыказаньняў ГОСПАДА і пастановаў Ягоных для Ізраіля: 12 «Артаксэркс, валадар валадароў, — Эзры сьвятару, кніжніку Закону Бога нябеснага і гэтак далей. 13 Ад мяне выдадзены загад, што ўсе з народу Ізраіля, і са сьвятароў і лявітаў у валадарстве маім, якія жадаюць дабраахвотна ісьці ў Ерусалім, няхай ідуць з табою, 14 бо цябе пасылае валадар і сем дарадцаў ягоных, каб наведаць Юдэю і Ерусалім паводле Закону Бога твайго, які ў руцэ тваёй, 15 і завезьці срэбра і золата, якія валадар і дарадцы ягоныя дабраахвотна ахвяравалі Богу Ізраіля, у Якога сяліба ў Ерусаліме, 16 і ўсё срэбра і золата, якое ты знойдзеш у-ва ўсёй краіне Бабілонскай, разам з дабраахвотнымі дарамі народу і сьвятароў, якія дабраахвотна даюць на Дом Бога свайго, які ў Ерусаліме. 17 Дзеля гэтага без затрымкі купі за гэтыя грошы валоў, бараноў, ягнятаў і ахвяры хлебныя іхнія, і ахвяры вадкія іхнія, і ахвяруеш іх на ахвярніку ў Доме Бога вашага ў Ерусаліме. 18 I што падаецца добрым табе і братам тваім зрабіць з рэшты срэбра і золата, рабіце паводле волі Бога вашага. 19 I начыньне, якое дадзена табе для служэньня ў Доме Бога твайго, пастаў перад Богам у Ерусаліме. 20 I іншыя [рэчы], патрэбныя для Дому Бога твайго, што трэба даць табе, возьмеш з дому скарбаў валадара. 21 I ад мяне, валадара Артаксэркса, выдадзены загад для ўсіх скарбнікаў, якія ў Зарэччы: усё, чаго будзе жадаць ад вас Эзра сьвятар, кніжнік Закону Бога нябеснага, давайце дакладна: 22 срэбра — да ста талентаў, і пшаніцы — да ста кораў, і віна — да ста батаў, і алею — да ста батаў, а солі — без запісу. 23 Усё паводле загаду Бога нябеснага павінна быць зроблена рупліва для Дому Бога нябеснага. Бо навошта быў бы гнеў [Ягоны] на валадарства валадара і сыноў ягоных? 24 I паведамляем вам, што на ўсіх сьвятароў, лявітаў, сьпевакоў, прыдзьвернікаў, нэтынэяў і служыцеляў пры гэтым Доме Божым нельга накладаць ані даніны, ані падатку, ані мыта. 25 А ты, Эзра, паводле мудрасьці Бога твайго, якая ў руцэ тваёй, прызнач урадоўцаў і судзьдзяў, якія будуць судзіць увесь народ, які ў Зарэччы, усіх, якія ведаюць Закон Бога твайго; і вучыце тых, якія ня ведаюць. 26 I ўсіх, хто ня будзе выконваць Закон Бога твайго і закон валадара дакладна, тых судзіце на сьмерць або на выгнаньне, або на кару маёмасьці, або на вязьніцу». 27 Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог бацькоў нашых, Які ўклаў у сэрца валадара, каб аздобіць Дом ГОСПАДА, які ў Ерусаліме, 28 і ахінуў мяне міласэрнасьцю валадара і дарадцаў ягоных, і ўсіх магутных князёў валадара! I я ўмацаваўся, бо рука ГОСПАДА, Бога майго, [была] нада мною, і я сабраў з Ізраіля мужоў галоўных ісьці са мною. |