Biblia Todo Logo
Біблія онлайн

- Аб'явы -

ЭЗДРЫ 6 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Эзр 6

1 Тады валадар Дарый даў загад, і шукалі ў Бабілоне, у доме кнігаў, дзе складаюць скарбы.

2 І знойдзены ў замку Ахмэце, у палацы, які ў краіне Мідзянаў, адзін сувой, і ў ім напісана так: «Каб памятаць.

3 У першы год валадара Кіра, валадар Кір даў загад пра Дом Божы ў Ерусаліме: “Няхай будзе адбудаваны Дом на тым месцы, дзе ахвяроўваюць ахвяры, і няхай падмуркі ягоныя бу­дуць захаваныя. Вышыня ягоная — шэсьцьдзясят локцяў, шырыня ягоная — шэсьцьдзясят локцяў.

4 Шэрагаў з камянёў вялікіх — тры, і шэраг з дрэва — адзін. На выдаткі няхай даюць з дому валадара.

5 І начыньне Дому Божага, залатое і срэбнае, якое Навухаданосар вынес са сьвятыні ў Ерусаліме і перанёс у Бабілон, няхай будзе вернута і пойдзе ў сьвятыню ў Ерусаліме, на месца сваё, і паложыш [яго] ў Доме Божым”.

6 І цяпер, Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай, і таварышы вашыя Афарсатхейцы, якія ў Зарэччы, — аддаліцеся адтуль.

7 Пакіньце [ў супакоі] працу пры гэтым Доме Божым. Няхай ваявода Юдэйскі і старшыні Юдэйскія будуюць гэты Дом Божы на месцы ягоным.

8 І я даю загад пра тое, што вы маеце рабіць для гэтых старшыняў Юдэйскіх у будаўніцтве гэтага Дому Божага: з маёмасьці валадара, з падаткаў Зарэчча, старанна вяртайце выдаткі тых людзей, каб работа не спынялася.

9 І што будзе патрэбна, і бычкоў, і бараноў, і ягнятаў, на цэласпаленьне для Бога нябеснага, пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары ў Ерусаліме, няхай выдаюць ім дзень у дзень, без занядбаньня,

10 каб яны ахвяроўвалі ахвяры, прыемныя Богу нябеснаму, і маліліся за жыцьцё валадара і сыноў ягоных.

11 І я даю загад, што кожнаму чалавеку, які зьменіць гэтае слова, будзе вынята бервяно з дому ягонага, і ён будзе падняты і прыбіты да яго, а дом ягоны за гэта будзе ператвораны ў руіну.

12 І Бог, Які зьмясьціў там імя Сваё, няхай зьнішчыць кожнага валадара і народ, які выцягнуў бы руку сваю, каб зьмя­ніць гэта на шкоду гэтаму Дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад. Няхай ён будзе дакладна выкананы».

13 Тады Татэнай, ваявода Зарэчча, Шэтар-Базэнай і таварышы іхнія, як загадаў Дарый валадар, так дакладна і зрабілі.

14 І старшыні Юдэйскія будавалі, і мелі посьпех паводле прароцтва Агея прарока і Захарыі, сына Іддо. I пабудавалі, і скончылі паводле загаду Бога Ізраіля і паводле загаду Кіра, і Дарыя, і Артаксэркса, валадароў Пэрсаў.

15 I быў скончаны Дом гэты ў трэці дзень месяца Адар у шостым годзе валадараньня Дарыя валадара.

16 I справілі сыны Ізраіля, сьвятары і лявіты, і рэшта сыноў выгнаньня [сьвята] асьвячэньня гэтага Дому Божага з радасьцю.

17 I ахвяравалі на асьвячэньне гэтага Дому Божага сто бычкоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнятаў і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, паводле ліку каленаў Ізраіля.

18 I паставілі сьвятароў паводле служэньняў іхніх, і лявітаў паводле чэргаў іхніх на служэньне [Дому] Божага, які ў Ерусаліме, паводле напісанага ў кнізе Майсея.

19 I сыны выгнаньня сьвяткавалі Пасху ў чатырнаццаты [дзень] першага месяца,

20 бо ачысьціліся сьвятары і лявіты; усе яны, як адзін, былі чыстыя; і зарэзалі [ягня] пасхальнае для ўсіх сыноў выгнаньня, братоў сваіх, і для сьвятароў, і для сябе.

21 I елі сыны Ізраіля, якія вярнуліся з выгнаньня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нячыстасьці народаў зямлі, каб шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

22 I сьвяткавалі Сьвята Праснакоў сем дзён з радасьцю, бо ГОСПАД узрадаваў іх і зьвярнуў да іх сэрца валадара Асірыі, каб умацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве Дому ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

Сачыце за намі:



Аб'явы