Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЭЗДРЫ 10 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Эзр 10

1 І калі Эзра маліўся і спавядаўся, плачучы і падаючы перад Домам Божым, сабралася да яго з усяго Ізраіля вельмі вялікая царква мужчынаў, жанчынаў і дзяцей, бо народ плакаў плачам вялікім.

2 I адказаў Шэханія, сын Ехіэля, з сыноў Эляма, і сказаў Эзры: «Мы сталіся нявернымі Богу нашаму і пабралі жонак чужынак з народаў зямлі гэтай, але цяпер ёсьць яшчэ надзея ў Ізраіля.

3 І цяпер заключым запавет з Богам нашым, што выправім усіх жонак і народжаных ад іх, паводле рады гаспадара майго і тых, якія трымцяць перад прыказаньнем Бога нашага, і няхай будзе паводле Закону!

4 Устань, бо на табе справа гэтая, і мы з табою. Будзь мужны і рабі!»

5 І ўстаў Эзра, і запрысяг князёў, сьвятароў і лявітаў, і ўсяго Ізраіля, што зробяць паводле слова гэтага; і яны прысягнулі.

6 І ўстаў Эзра спрад Дому Божага, і пайшоў у пакой Егаханана, сына Эліяшыва, і прыйшоў туды. Хлеба ён ня еў і вады ня піў, бо ён быў у жалобе з прычыны здрады тых, што вярнуліся з палону.

7 І абвясьцілі гучна ў Юдэі і ў Ерусаліме ўсім сынам выгнаньня, каб яны сабраліся ў Ерусалім.

8 І ў кожнага, хто ня прыйдзе за тры дні, паводле рады князёў і старшыняў, уся маёмасьць ягоная будзе пад закляцьцем, а сам ён будзе адлучаны ад царквы тых, што вярнуліся з палону.

9 І сабраліся ўсе мужчыны Юды і Бэн’яміна за тры дні ў Ерусалім. Гэта [быў] дзявяты месяц, дваццаты дзень месяца. І ўвесь народ сядзеў на панадворку Дому Божага, дрыжучы з прычыны справы гэтай і ад дажджу.

10 І ўстаў Эзра сьвятар, і сказаў ім: «Вы сталіся нявернымі і ўзялі за жонак чужынак, каб павялічыць правіну Ізраіля.

11 І цяпер прынясіце падзяку ГОСПАДУ, Богу бацькоў вашых, і ўчыніце волю Ягоную, і аддзяліцеся ад народаў зямлі гэтай і ад жанчынаў чужынскіх».

12 I адказала ўся царква, і сказалі голасам вялікім: «Паводле слова Твайго мы так зробім!

13 Але народ шматлікі і час дажджоў, і няма сілы стаяць звонку. І гэтая праца не аднаго дня, і ня двух, бо шмат саграшылі мы ў справе гэтай.

14 Няхай князі нашыя стаяць за ўсю царкву, і няхай усе ў гарадах нашых, якія ўзялі жонак чужынскіх, прыйдуць у вызначаны час, і з імі старшыні кожнага гораду і судзьдзі ягоныя, аж пакуль не адвернецца ад нас ярасьць гневу Бога нашага за справу гэтую».

15 Толькі Ёнатан, сын Асагэля, і Яхзэя, сын Тыквы, паўсталі супраць гэтага, а Мэшулям і Шабэтай, лявіты, дапамагалі ім.

16 I зрабілі гэтак сыны выгнаньня. I аддзяліў Эзра сьвятар некаторых людзей, галоваў [дамоў] бацькоў, паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх па імёнах. I яны селі ў першы дзень дзясятага месяца дасьледаваць справу гэтую,

17 і скончылі да першага дня першага месяца з усімі мужчынамі, якія ўзялі жонак чужынскіх.

18 I былі знойдзены з сыноў сьвятарскіх, якія ўзялі за жонак чужынак, — з сыноў Ешуа, сына Ёцадака і братоў ягоных: Маасэя, Эліэзэр, Ярыў і Гедалія.

19 I яны далі руку сваю, што выправяць [ад сябе] жонак сваіх, і вінаватыя [ахвяруюць] барана са статку за правіну сваю.

20 А з сыноў Іммэра: Ханані і Зэвадыя.

21 З сыноў Харыма: Маасэя, Элія, Шэмая, Ехіэль і Узія.

22 З сыноў Пашхура: Эліаэнай, Маасэя, Ішмаэль, Натанаэль, Ёзавад і Эляса.

23 З лявітаў: Ёзавад, Шымэй і Келая, ён жа Келіта, Пэтахія, Юда і Эліэзэр.

24 Са сьпевакоў: Эліяшыў; а з прыдзьвернікаў: Шальлюм, Тэлем і Уры.

25 А з Ізраіля, з сыноў Пароша: Рамія, Іззія, Малькія, Міямін, Элеазар, Малькія і Бэная.

26 З сыноў Эляма: Маттанія, Захарыя, Ехіэль, Аўды, Ерэмот і Элія.

27 З сыноў Затту: Эліаэнай, Эліяшыў, Маттанія, Ерэмот, Завад і Азіза.

28 З сыноў Бэвая: Егаханан, Хананія, Заббай і Атлай.

29 З сыноў Бані: Мэшулям, Малух, Адая, Яшуў, Шэал і Ерэмот.

30 З сыноў Пахат-Маава: Адна, Хелал, Бэная, Маасэя, Маттанія, Бэцаліэль, Біннуй і Манаса.

31 З сыноў Харыма: Эліэзэр, Ішыя, Малхія, Шэмая, Сымон,

32 Бэн’ямін, Малух, Шэмарыя.

33 З сыноў Хашума: Маттэнай, Матата, Завад, Эліфэлет, Ерэмай, Манаса, Шымэй.

34 З сыноў Бані: Маадай, Амрам, Уіэль,

35 Бэная, Бэдэя, Келуху,

36 Ванія, Мэрэмот, Эліяшыў,

37 Маттанія, Маттэнай, Яасай,

38 Бані, Біннуй, Шымэй,

39 Шэлемія, Натан, Адая,

40 Махнадэвай, Шашай, Шарай,

41 Азарэль, Шэлемія, Шэмарыя,

42 Шальлюм, Амарыя, Язэп.

43 З сыноў Нэво: Еіэль, Маттытыя, Завад, Зэвіна, Яддай, Ёэль, Бэная.

44 Усе гэтыя ўзялі жонак чужынскіх, і [некаторыя] з гэтых жанчынаў нарадзілі сыноў.

Сачыце за намі:



Аб'явы