ЭЗДРЫ 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Эзр 1 1 У першы год Кіра, валадара Пэрсаў, каб споўнілася слова ГОСПАДА з вуснаў Ярэміі, узрушыў ГОСПАД дух Кiра, валадара Пэрсаў, і ён абвясьціў у-ва ўсім валадарстве сваім, а таксама пісьмова, кажучы: 2 «Гэтак кажа Кір, валадар Пэрсаў: “Усе валадарствы зямлі даў мне ГОСПАД, Бог нябесны. І Ён загадаў мне пабудаваць Дом Яму ў Ерусаліме, які ў Юдэі. 3 Калі ёсьць хто з вас з усяго народу Ягонага, няхай Бог ягоны будзе з ім, і няхай узыйдзе ён у Ерусалім, які ў Юдэі, і няхай будуе Дом ГОСПАДА, Бога Ізраіля. Гэта той Бог, Які ў Ерусаліме. 4 І ўсе, якія засталіся ў-ва ўсіх месцах, дзе яны жывуць, няхай дапамогуць ім людзі месца таго срэбрам, золатам, маёмасьцю і быдлам, а таксама дабраахвотнымі дарамі для Дому Бога, Які ў Ерусаліме”». 5 І паўсталі начальнікі родаў Юды і Бэн’яміна, і сьвятары, і лявіты, і кожны, у якога дух узрушыў Бог, каб ісьці будаваць Дом ГОСПАДА, які ў Ерусаліме. 6 І ўсе тыя, што жылі навокал, умацоўвалі рукі іхнія начыньнямі са срэбра, золатам, маёмасьцю, быдлам і каштоўнасьцямі, апрача дароў дабраахвотных. 7 І валадар Кір вынес начыньне Дому ГОСПАДА, якое Навухаданосар вынес з Ерусаліму і палажыў у доме бога свайго. 8 І вынес яго Кір, валадар Пэрсаў, рукамі Мітрэдата, скарбніка, і тым лікам аддаў іх Шэшбацару, князю Юды. 9 І вось лік іхні: місаў залатых — трыццаць, місаў срэбных — тысяча, нажоў — дваццаць дзевяць, 10 келіхаў залатых — трыццаць, келіхаў срэбных другарадных — чатырыста дзесяць, іншага начыньня — тысяча. 11 Усяго начыньня залатога і срэбнага — пяць тысячаў чатырыста. Усё гэта прынёс Шэшбацар, калі прыйшлі з выгнаньня з Бабілону ў Ерусалім. |