ЦІТА 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ціт 2 1 А ты гавары, як належыць здароваму вучэньню: 2 каб старыя былі пільныя, сумленныя, цьвярозыя, здаровыя ў веры, любові, цярплівасьці; 3 каб старыя жанчыны паводзілі сябе, як належыцца сьвятым, не паклёпнічалі, не пілі шмат віна, вучылі добраму, 4 каб вучылі мудрасьці маладых, каб тыя любілі мужоў, любілі дзяцей, 5 былі цьвярозыя, чыстыя, гаспадарлівыя, добрыя, падпарадкаваныя сваім мужам, каб не было блюзьненьня на слова Божае. 6 Маладых людзей таксама ўпрошвай думаць цьвяроза, 7 у-ва ўсім даючы сябе за прыклад добрых учынкаў, у навучаньні — чысьціню, сумленнасьць, непахібнасьць, 8 слова здаровае, ненаганнае, каб той, хто супрацівіцца, быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць пра нас. 9 Слугаў [навучай] падпарадкоўвацца сваім уладарам, у-ва ўсім падабацца ім, не пярэчачы, 10 не прыхоўваючы сабе, але зьяўляючы ўсю добрую вернасьць, каб у-ва ўсім аздаблялі вучэньне Збаўцы нашага Бога. 11 Бо зьявілася ласка Божая, што дае збаўленьне для ўсіх людзей, 12 якая навучае нас, каб, адрокшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьцяў сьвету, цьвяроза, праведна і пабожна жылі мы ў цяперашнім веку, 13 чакаючы шчасьлівае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, 14 Які даў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе народ асаблівы, які рупіцца пра добрыя справы. 15 Гэтае кажы, упрошвай і дакарай з усякім загадам; няхай ніхто табою не пагарджае. |