СУДЗЬДЗЯЎ 20 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Суд 20 1 І выйшлі ўсе сыны Ізраіля, і як адзін чалавек сабралася грамада ад Дану аж да Бээр-Шэвы разам з зямлёй Гілеад да ГОСПАДА ў Міцпу. 2 І сабраліся правадыры ўсяго народу і ўсе калены Ізраіля на супольны сход народу Божага, а [было] іх чатырыста тысячаў пешых ваяроў, узброеных мячом. 3 І пачулі сыны Бэн’яміна, што сабраліся сыны Ізраіля ў Міцпе. І пыталіся сыны Ізраіля [ў лявіта], як гэтае злачынства адбылося. 4 І лявіт, муж замучанай жанчыны, адказаў: «Прыйшоў я з наложніцай маёй у Гіву, што [належыць] да Бэн’яміна, каб пераночць. 5 І гаспадары Гівы паўсталі супраць мяне, і ўначы атачылі дом, хочучы мяне забіць, а наложніцу маю гвалтавалі, і яна памерла. 6 І я ўзяў наложніцу маю, і пасек яе на часткі, і паслаў у-ва ўсе межы спадчыны Ізраіля, бо яны ўчынілі ганебнае і агіднае ў Ізраілі. 7 І цяпер вы ўсе, сыны Ізраіля, дайце слова і раду [ў гэтай справе]?» 8 І паўстаў увесь народ як адзін чалавек, кажучы: «Ніхто з нас ня пойдзе ў намёт свой, і ніхто ня пойдзе ў дом свой! 9 Але супольна выступім супраць Гівы паводле жэрабя. 10 І з кожнага калена Ізраіля выбярэм дзесяць чалавек са ста, і сто — з тысячы, і тысячу — з дзесяці тысячаў. Яны будуць рупіцца пра харчы для войска, якое выправіцца зрабіць з Гівай Бэн’ямінавай адпаведна ганьбы, якую яны ўчынілі ў Ізраілі». 11 І зыйшоўся ўвесь Ізраіль супраць гораду таго, усе разам, як адзін чалавек. 12 І паслалі калены Ізраіля людзей да ўсяго калена Бэн’яміна, кажучы: «Што за ліхота адбываецца сярод вас! 13 Выдайце цяпер тых людзей, сыноў Бэліяла, з Гівы, і мы заб'ем іх і вынішчым зло з Ізраіля». Але сыны Бэн’яміна не хацелі слухаць голас братоў сваіх, сыноў Ізраіля. 14 І сабраліся сыны Бэн’яміна з усіх гарадоў у Гіву, каб ваяваць супраць сыноў Ізраіля. 15 У той дзень налічана было сыноў Бэн’яміна, што прыйшлі з іншых гарадоў і ўзброеных мячом, дваццаць шэсьць тысячаў, апрача жыхароў Гівы, з якіх было налічана семсот выбранцоў. 16 У-ва ўсім гэтым войску было семсот выбранцоў, якія не карысталіся правай рукой і якія кідалі з пушчалкі камянём так, што воласа не міналі. 17 А ваяроў Ізраіля без [сыноў] Бэн’яміна, налічвалася чатырыста тысячаў узброеных мячом і здольных да бою. 18 І паўсталі яны, і пайшлі ў Бэтэль, і пыталіся ў Бога. І казалі сыны Ізраіля: «Хто першым з нас пойдзе ў бой супраць сыноў Бэн’яміна?» І ГОСПАД ім сказаў: «Юда [пойдзе] першы». 19 На сьвітаньні вырушылі сыны Ізраіля і разлажыліся табарам насупраць Гівы. 20 І сталі ў шыхт сыны Ізраіля супраць Бэн’яміна, і пачалі ваяваць сыны Ізраіля супраць Гівы. 21 Але ў той дзень сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы і забілі спасярод сыноў Ізраіля дваццаць дзьве тысячы чалавек. 22 І сыны Ізраіля набраліся мужнасьці, і ў тым самым месцы, дзе раней ваявалі, падрыхтаваліся да бою. 23 І пайшлі сыны Ізраіля [ў Бэтэль], і плакалі перад ГОСПАДАМ аж да вечара, і пыталіся ў ГОСПАДА, кажучы: «Ці маем мы далей ваяваць з сынамі Бэн’яміна, братамі нашымі?» І ГОСПАД сказаў: «Ваюйце супраць іх». 24 І на другі дзень сыны Ізраіля пайшлі на сыноў Бэн’яміна. 25 І сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы, і ў другі дзень забілі васямнаццаць тысячаў спасярод сыноў Ізраіля, узброеных мячом. 26 І ўсе сыны Ізраіля, і ўвесь народ пайшлі ў Бэтэль, і прыйшлі, і плакалі, і сядзелі перад абліччам ГОСПАДА, і посьцілі ў той дзень аж да вечара, і складалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя перад абліччам ГОСПАДА. 27 І пыталіся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА. А ў тыя дні быў там Каўчэг Запавету Божага. 28 І стаў тады Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона, кажучы: «Ці павінны мы яшчэ ісьці ваяваць супраць сыноў Бэн’яміна, братоў нашых, ці не?» І ГОСПАД сказаў: «Ідзіце ваяваць, бо Я заўтра аддам іх у рукі вашыя». 29 І сыны Ізраіля паставілі кругом Гівы засады. 30 На трэці дзень пайшлі сыны Ізраіля супраць сыноў Бэн’яміна і, падобна як першы раз, сталі ў шыхт насупраць Гівы. 31 І сыны Бэн’яміна выступілі супраць народу, і адыйшліся ад гораду, і пачалі як раней забіваць ваяроў на дарогах, з якіх адна ідзе ў Бэтэль, а другая — у Гіву, і на палях, і [загінула] каля трыццаці ваяроў. 32 І казалі сыны Бэн’яміна: «Як і ў першы раз, будуць яны пераможаныя», а сыны Ізраіля казалі: «Уцякайма, каб адвесьці іх ад гораду на тыя дарогі». 33 І ўсе ваяры Ізраіля, устаўшы з месца свайго, сталі ў шыхт у Баал-Тамар. І засады выйшлі са сховаў на раўніне Гівы. 34 І выйшлі супраць Гівы дзесяць тысячаў выбранцоў з усяго Ізраіля, і пачалася цяжкая бітва. А [сыны Бэн’яміна] не разумелі, што чакае іх параза. 35 І пабіў ГОСПАД Бэн’яміна перад абліччам Ізраіля, і выбілі ў той дзень сыны Ізраіля ў Бэн’яміна дваццаць пяць тысячаў сто чалавек, узброеных мячом. 36 І сыны Бэн’яміна ўбачылі, што яны пераможаныя. А сыны Ізраіля далі ім прастору ўцякаць, бо давяралі засадзе, якая хавалася каля Гівы. 37 У той час выступілі тыя, што хаваліся ў засадзе, і напалі на Гіву, і ўварваліся ў горад, і пазабівалі вострывам мяча ўсіх у горадзе. 38 А сыны Ізраіля былі дамовіўшыся з тымі, якія былі ў засадзе, што мелі з гораду выпусьціць дым як знак. 39 І сыны Ізраіля пачалі ўцякаць у часе бою, а [сыны] Бэн’яміна забілі з сыноў Ізраіля каля трыццаці чалавек, і казалі: «Перамагаючы, пераможам іх, як у папярэднім баі». 40 А з гораду стаў падымацца слуп дыму. І сыны Бэн’яміна павярнуліся, і вось, полымя з гораду падымаецца ў неба. 41 І сыны Ізраіля павярнуліся, а ваяры Бэн’яміна стрывожыліся, бо бачылі, што прыйшла да іх бяда. 42 І пачалі яны ўцякаць перад сынамі Ізраіля дарогай у бок пустыні, але войска дагнала іх. І тыя, што выйшлі з гораду, забівалі іх пасярод сябе. 43 І атачылі яны з усіх бакоў Бэн’яміна, і гналі іх без адпачынку, і забівалі іх ад Гівы на захад. 44 І палегла ў Бэн’яміна васямнаццаць тысячаў чалавек, усе ваяры мужныя. 45 З тых, якія ўцякалі ў бок пустыні да скалы Рымон, забілі на дарогах пяць тысячаў чалавек, і гналі іх да Гідому, дзе забілі каля дзьвюх тысячаў. 46 І ўсіх Бэн’ямінцаў палегла ў той дзень дваццаць пяць тысячаў мужчынаў, узброеных мячом, усе ваяры мужныя. 47 А тыя шэсьцьсот чалавек, што засталіся, уцяклі да скалы Рымон, і заставаліся на скале Рымон чатыры месяцы. 48 А сыны Ізраіля вярнуліся да сыноў Бэн’яміна, і выбілі вострывам мяча, ад мужчынаў аж да быдла і да ўсяго, што знайшлі. Таксама ўсе гарады і мясцовасьці іхнія спалілі агнём. |