РЫМЛЯНАЎ 12 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Рым 12 1 Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасьць Божую, аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, прыемную Богу, на разумнае служэньне вашае, 2 і не прыпадабняйцеся веку гэтаму, але перамяняйцеся праз абнаўленьне розуму вашага, каб вам выпрабаваць, што ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае [Богу], і дасканалае. 3 Бо праз ласку, дадзеную мне, кажу кожнаму з вас: ня думайце [пра сябе] больш, чым трэба думаць, але думайце цьвяроза, як Бог кожнага надзяліў мерай веры. 4 Бо як у адным целе маем шмат членаў, але ня ўсе члены маюць тую самую работу, 5 гэтак мы, многія, зьяўляемся адным целам у Хрысьце, а паасобку адзін для аднаго — члены. 6 Калі ж, паводле дадзенай нам ласкі, маем розныя дары, калі прароцтва, [няхай будзе] згодна з верай; 7 калі служэньне — у служэньні; калі хто вучыць — у навучаньні; 8 калі хто суцяшае — у суцяшэньні; калі хто раздае — у шчырасьці; калі хто кіруе — з дбайнасьцю; калі хто чыніць міласэрнасьць — з ахвотаю. 9 Любоў [няхай будзе] некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыляпляйцеся да дабра. 10 Братняя любоў адзін да аднаго [няхай будзе] ад усяго сэрца, у пашане адзін аднаго выпярэджвайце; 11 у дбайнасьці не лянуйцеся; духам палайце; Госпаду служыце; 12 [маючы] надзею, радуйцеся; у прыгнёце будзьце вытрывалымі; у малітве — няспыннымі; 13 у патрэбах сьвятых бярыце ўдзел; імкніцеся да гасьціннасьці. 14 Дабраслаўляйце тых, якія вас перасьледуюць, дабраслаўляйце, а не кляніце. 15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача. 16 Думайце адзін пра аднаго аднолькава; не ўзьвялічвайце саміх сябе, але пакорнымі захапляйцеся; ня будзьце мудрымі самі праз сябе. 17 Нікому не аддаючы ліхотай за ліхоту, дбайце пра добрае перад усімі людзьмі. 18 Калі магчыма для вас, мейце супакой з усімі людзьмі. 19 Ня помсьціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу [Божаму], бо напісана: «“Мне [належыць] помста, Я аддам”, — кажа Госпад». 20 Дык, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі смагне, напаі яго; бо, робячы гэтае, зьбярэш яму на галаву вугольлі распаленыя. 21 Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром. |