Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 96 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 96

1 Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў, сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля!

2 Сьпявайце ГОСПАДУ, дабраслаўляйце імя Ягонае! З дня на дзень дабравесьціце пра збаўленьне Ягонае!

3 Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.

4 Бо вялікі ГОСПАД і годны [ўсялякай] хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў!

5 Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы стварыў.

6 Годнасьць і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — у сьвятыні Ягонай.

7 Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц!

8 Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, нясіце дары і ідзіце ў панадворкі Ягоныя.

9 Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні; дрыжыце перад абліччам Яго, усе землі!

10 Скажыце народам: «ГОСПАД валадарыць! Ён сусьвет умацаваў, каб не пахіснуўся. І Ён будзе судзіць народы паводле справядлівасьці».

11 Няхай узьвесяляцца нябёсы і ўзрадуецца зямля; няхай мора гудзе, і ўсё, што ў ім.

12 Няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім; і будуць усклікаць тады ўсе дрэвы лясныя

13 перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён ідзе, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Судзіць Ён будзе сусьвет паводле праведнасьці і народы — паводле вернасьці Сваёй.

Сачыце за намі:



Аб'явы