Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 95 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 95

1 Хадземце, будзем радавацца ў ГОСПАДЗЕ, усклікаць Скале збаўленьня нашага!

2 Станьма перад абліччам Ягоным з падзякаю, гімны ўсклікайма Яму!

3 Бо ГОСПАД ёсьць Бог вялікі і Валадар вялікі над усімі багамі.

4 У руцэ Ягонай глыбіні зямлі, і Ягоныя вяршыні найвышэйшыя гор.

5 Ягонае мора, бо Ён яго ўчыніў, і сухазем’е рукі Ягоныя ўкшталтавалі.

6 Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзем, укленчым перад абліччам ГОСПАДА, Творцы нашага!

7 Бо Ён — Бог наш, а мы — народ чарады Ягонай і авечкі рукі Ягонай. Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны:

8 «Не рабіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у Мэрыве, як у дзень выпрабаваньня ў пустыні,

9 дзе бацькі вашыя выпрабоўвалі Мяне, спакушалі Мяне, хоць і бачылі справы Мае!

10 Сорак гадоў Я брыдзіўся пакаленьнем гэтым, і Я сказаў: “Яны — народ, што блукаецца сэрцам, і яны не спазналі шляхоў Маіх”.

11 Дык Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у супачынак Мой».

Сачыце за намі:



Аб'явы