ПСАЛТЫР 94 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 94 1 Божа помсты, ГОСПАДЗЕ, Божа помсты, зазьзяй! 2 Узьніміся, Судзьдзя зямлі, аднагародзь пыхліўцам за тое, што зрабілі яны! 3 Дакуль бязбожнікі, ГОСПАДЗЕ, дакуль бязбожнікі будуць радавацца? 4 [Дакуль] будуць плявузгаць, прамаўляць дзёрзка? [Дакуль] будуць гаварыць усе злачынцы? 5 Яны крышаць народ Твой, ГОСПАДЗЕ, прыціскаюць спадчыну Тваю. 6 Удоваў і прыхадняў мардуюць і сіротаў забіваюць, 7 і кажуць: «Ня ўбачыць гэтага ГОСПАД, і не даведаецца Бог Якуба!» 8 Зразумейце, бязглуздыя з народу! І калі, бязглуздыя, паразумнееце? 9 Ці ж Той, Які вуха стварыў, не пачуе? Ці ж Той, Які вока ўфармаваў, ня ўбачыць? 10 Ці ж Той, Які навучае народы, ня будзе караць, Той, Які вучыць чалавека ведам? 11 ГОСПАД ведае думкі чалавечыя, што яны — марнасьць. 12 Шчасьлівы чалавек, якога Ты, ГОСПАДЗЕ, навучаеш і вучыш яго Закону Твайму, 13 каб быў ён у супакоі ў дні ліхія, пакуль выкапаны будзе дол для бязбожніка. 14 Бо не адкіне ГОСПАД народ Свой, і спадчыну Сваю не пакіне. 15 Бо вернецца суд да праведнасьці, і пойдуць за ім усе правыя сэрцам. 16 Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца за мяне супраць тых, што робяць злачынства? 17 Калі б ГОСПАД ня быў успамогай мне, хутка душа мая пасялілася б у [месцы] маўчаньня. 18 Калі я сказаў: «Хістаецца нага мая!», міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, умацавала мяне. 19 Калі мноства цяжкіх думак у нутры маім, пацяшэньні Твае падбадзёрваюць душу маю. 20 Ці ж можа таварышаваць з Табою пасад загубы, які чыніць ліхоцьце супраць пастановы [Тваёй]? 21 Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка і кроў нявінную асуджаюць. 22 Але ГОСПАД стаўся ўмацаваным замкам для мяне, і Бог мой — скалой прыстанішча майго. 23 І зьверне Ён на іх злачынства іхняе, і ў ліхоце іхняй вынішчыць іх; вынішчыць іх ГОСПАД, Бог наш. |