ПСАЛТЫР 88 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 88 1 Сьпеў. Псальм сыноў Караха. Кіраўніку хору: на лад сумны, суцішаны. Навучаньне Гэмана Эзрахі. 2 ГОСПАДЗЕ, Божа збаўленьня майго! Удзень я крычу, і ўначы я перад Табою! 3 Няхай прыйдзе перад аблічча Тваё малітва мая; прыхілі вуха Тваё да галашэньня майго. 4 Бо перасычана ліхоцьцем душа мая, і жыцьцё маё дакранаецца да пекла. 5 Я залічаны да тых, што зыходзяць у магілу; я стаўся, як чалавек, які сілы ня мае. 6 Сярод памёршых, свабодны, падобны да забітых, што ляжаць у магіле, якіх Ты ўжо ня ўзгадваеш, і адсечаны яны ад рукі Тваёй. 7 Ты кінуў мяне ў яму найглыбейшую, у месца цёмнае, у глыбіню. 8 Націснула на мяне ярасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі прыціснуў Ты мяне. (Сэлях) 9 Ты аддаліў ад мяне знаёмых маіх, Ты зрабіў мяне агідным для іх; я зьвязаны і выйсьці не магу. 10 Самлела вока маё ад пакутаў; кожны дзень я клічу Цябе, ГОСПАДЗЕ, і выцягваю да Цябе рукі мае. 11 Ці Ты зробіш цуд для памёршых? Ці нябожчыкі паўстануць і будуць славіць Цябе? (Сэлях) 12 Ці будзе абвешчана ў магіле міласэрнасьць Твая, і вернасьць Твая — у [месцы] загубы? 13 Ці ў цемры даведаюцца пра цуды Твае, і пра праведнасьць Тваю — у зямлі забыцьця? 14 Але я галашу да Цябе, ГОСПАДЗЕ, і раніцаю малітва мая сустракае Цябе. 15 Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты пакінуў душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне? 16 З маленства я прыгнечаны і паміраю; пераносячы жахі Твае, я зьнямогся. 17 Нада мною прайшоў жар [гневу] Твайго, пагрозы Твае вынішчаюць мяне, 18 атачаюць мяне, як вада, кожны дзень, абступаюць мяне разам. 19 Ты аддаліў ад мяне тых, што любяць [мяне], і бліжніх, знаёмыя мае — у цемры. |