ПСАЛТЫР 84 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 84 1 Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Сыноў Караха. Псальм. 2 Як умілаваныя сялібы Твае, ГОСПАД Магуцьцяў! 3 Прагне і тужыць душа мая па панадворках ГОСПАДА; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым. 4 Нават птушка адшукала дом, ластаўка — гняздо для сябе, дзе птушанятак сваіх укладае: каля ахвярнікаў Тваіх, ГОСПАД Магуцьцяў, Валадар мой і Бог мой! 5 Шчасьлівыя тыя, што жывуць у Доме Тваім, заўсёды яны [ўзносяць] хвалу Табе. (Сэлях) 6 Шчасьлівы чалавек, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога [да Цябе]! 7 Праходзячы далінаю дрэваў бальзамовых, яны адкрываюць крыніцы, і дождж раньні пакрывае яе дабраслаўленьнем. 8 Ідуць яны ад сілы да сілы, і прыходзяць да Бога на Сыён. 9 ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, пачуй малітву маю! Прыхілі вуха, Божа Якуба! (Сэлях) 10 Божа, шчыце наш! Зірні і паглядзі на аблічча памазанца Твайго! 11 Бо [адзін] дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу [іншых]; я выбіраю стаяць каля парога ў Доме Божым, чым жыць у намётах беззаконьня. 12 Бо ГОСПАД Бог ёсьць сонца і шчыт; ГОСПАД дае ласку і славу, і не адмовіць дабра аніякага тым, якія ў беззаганнасьці ходзяць. 13 ГОСПАД Магуцьцяў! Шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца! |