ПСАЛТЫР 83 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 83 1 Сьпеў. Псальм Асафа. 2 Божа! Не маўчы, і ня будзь у маўчаньні і ў супакоі, Божа! 3 Бо вось, узварухнуліся ворагі Твае, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву. 4 Супраць народу Твайго яны кнуюць [намеры] таемныя і радзяцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш. 5 Яны сказалі: «Хадзіце і сатрэм іх між народамі, і імя Ізраіля ня будзе ўзгадвацца болей». 6 Бо радзіліся яны аднадумна, супраць Цябе заключылі запавет 7 намёты Эдому і Ізмаэльцы, Мааў і Агаране, 8 Геваль і Амон, і Амалек, Філістынцы і жыхары Тыру. 9 І Асур далучыўся да іх, стаўся ён рамяном для сыноў Лота. (Сэлях) 10 Зрабі ж Ты ім як Мадыяну, як Сісэры, як Явіну каля ручая Кішон, 11 якія зьнішчаныя каля Эндору, сталіся як гной на зямлі. 12 Учыні з імі, з магнатамі іхнімі як з Арэвам і Зэвам, і з усімі князямі іхнімі, як з Зэвахам і Сальмунам, 13 якія казалі: «Возьмем сабе ў спадчыну сялібы Божыя!» 14 Божа мой! Зрабі іх як [пыл у] віхуры, як салому пад ветрам! 15 Як агонь паліць лясы і як полымя апальвае горы, 16 гэтак Ты перасьледуй іх бурай Тваёю і віхурай Тваёй напалохай! 17 Напоўні сорамам абліччы іхнія, і будуць шукаць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ. 18 Няхай будуць асаромленыя і спалоханыя навечна, няхай будуць у сораме і загінуць, 19 і даведаюцца, што імя Тваё — ГОСПАД, і толькі Ты — Найвышэйшы над усёй зямлёю. |