ПСАЛТЫР 81 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 81 1 Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Асафа. 2 Весяліцеся перад Богам моцы нашай; радасна гукайце Богу Якуба! 3 Пачніце сьпяваньне, вазьміце бубны, гусьлі мілагучныя і псалтыр. 4 Дзьміце ў трубу ў маладзік, у поўню, у дзень сьвята нашага, 5 бо гэткая пастанова ў Ізраілі, закон Бога Якубавага. 6 Ён паставіў гэта на сьведчаньне для Язэпа, калі выводзіў з зямлі Эгіпецкай, і мы пачулі мову, якой ня ведалі: 7 «Я прыбраў цяжар з плячэй ягоных, рукі ягоныя вольныя ад кашоў. 8 У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я выратаваў цябе; адказаў табе з-за заслоны грымотаў, выспрабаваў цябе пры водах Мэрывы. (Сэлях) 9 Слухай, народзе Мой! Я буду сьведчыць супраць цябе, Ізраіль. Каб ты паслухаў Мяне, 10 і не было ў цябе бога чужога, і не пакланяўся ты богу чужынцаў! 11 Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай! Расчыні шырока вусны твае, і Я напоўню іх. 12 Але народ Мой не паслухаў голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны Мне. 13 Дык Я пакінуў іх у закамянеласьці сэрца іхняга, і яны хадзілі паводле намераў сваіх. 14 О, калі б народ Мой паслухаў Мяне, калі б Ізраіль хадзіў шляхамі Маімі, 15 Я б неўзабаве ўпакорыў ворагаў іхніх, і супраць прыгнятальнікаў іхніх павярнулася б рука Мая. 16 Тыя, што ГОСПАДА ненавідзяць, падпарадкаваліся б ім, а шчасьце іхняе трывала б на вякі. 17 І Я карміў бы іх з тлустасьці пшаніцы, мёдам са скалы насычаў бы іх». |