ПСАЛТЫР 80 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 80 1 Кіраўніку хору: на лад: “Лілея сьведчаньня”. Псальм Асафа. 2 Пастыру Ізраіля, прыхілі вуха! Ты, Які, як авечкі, водзіш Язэпа, Які на херувімах сядаеш, зазьзяй! 3 Перад абліччам Эфраіма, і Бэн’яміна, і Манасы абудзі магутнасьць Тваю і прыйдзі збавіць нас! 4 Божа, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя! 5 ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, дакуль Ты будзеш у гневе пры малітве народу Твайго? 6 Ты накарміў іх хлебам сьлёзаў і шчодра сьлязьмі напаіў іх. 7 Ты паставіў нас як [костку] нязгоды дзеля суседзяў нашых, і ворагі нашыя кпяць з нас. 8 Божа Магуцьцяў, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя! 9 Ты вінаградную лазу вынес з Эгіпту, выгнаў народы і яе пасадзіў. 10 Ты расчысьціў [месца] перад абліччам яе, і ўкараніў карані ейныя, і яна напоўніла зямлю. 11 Горы пакрыліся ценем яе, і вецьце яе — як кедры Божыя. 12 Яна пусьціла галіны свае аж да мора, і парасткі свае — да ракі. 13 Чаму Ты раскідаў агароджу ейную, і кожны, хто ідзе дарогаю, абрывае яе? 14 Дзік лясны падкопвае яе, і зьвер палявы пасьвіцца ў ёй. 15 Божа Магуцьцяў, павярніся [да нас], зірні з неба, і паглядзі, і наведай вінаградную лазу гэтую! 16 Захавай тое, што правіца Твая пасадзіла, і парасткі, якія Ты для Сябе ўмацаваў. 17 Яны спалены агнём і пасечаны, і гінуць ад гневу аблічча Твайго. 18 Няхай рука Твая будзе над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе! 19 А мы не адступімся ад Цябе; ажыві нас, і мы будзем клікаць імя Тваё. 20 ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя! |