ПСАЛТЫР 79 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 79 1 Псальм Асафа. Божа, пагане ўвайшлі ў спадчыну Тваю, апаганілі сьвятыню Тваю сьвятую, Ерусалім ператварылі ў купу друзу. 2 Трупы слугаў Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, целы багабойных Тваіх — зьвярам зямным. 3 Вылілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліму, і не было каму іх хаваць. 4 Мы сталіся на ганьбаваньне для суседзяў нашых, на кпіны і насьмешкі для тых, што навокал нас. 5 Як доўга, ГОСПАДЗЕ? Ці будзеш гневацца заўсёды? Ці як агонь будзе палаць рэўнасьць Твая? 6 Вылі ярасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на валадарствы, якія імя Твайго ня клічуць, 7 бо зжэрлі Якуба і жытло ягонае спустошылі. 8 Ня ўзгадвай нам беззаконьняў ранейшых; няхай чым хутчэй сустрэне нас літасьць Твая, бо вельмі мы зьнемагліся. 9 Дапамажы нам, Божа збаўленьня нашага, дзеля славы імя Твайго; выратуй нас і даруй грахі нашыя дзеля імя Твайго! 10 Навошта казаць паганам: «Дзе Бог іхні?» Няхай на паганах, у нас на вачах, вядомай станецца помста за кроў слугаў Тваіх, што праліта! 11 Няхай дойдуць перад аблічча Тваё стогны вязьняў! Паводле вялікасьці рамяна Твайго пакінь [пры жыцьці] сыноў, сказаных на сьмерць. 12 І нашым суседзям вярні сямікротна ў грудзі іхнія зьнявагу іхнюю, якой яны, Госпадзе, Цябе зьневажалі! 13 А мы, народ Твой і авечкі чарады Тваёй, будзем славіць Цябе вечна і з пакаленьня ў пакаленьне будзем абвяшчаць хвалу Тваю. |